- Уладзімір Пракопавіч, што для Беларускай літаратуры азначае смерць Рыгора Барадуліна?
- Гэта вельмі горка, асабліва ў сёняшняй сітуацыі, калі ідзе відавочная русіфікацыя з адпаведнымі вынікамі. У той жа Оршы, дзе мы былі з вамі на рынку, у чалавека, які гандлюе кнігамі на, умоўна, 500 назваў рускіх толькі некалькі беларускіх. Ці як у Магілёве дзе на амаль 500.000 насельніцтва толькі адна дзяўчынка пайшла ў беларускамоўны клас. А цяпер адбылася страта чалавека, які ўяўляў сабой жывую беларускую мову. Бо Барадулін гэта, перш за ўсё, сама мова, а пасля усё астатняе: метафары, параўнанні. Гэта чарадзей, гэта чалавек які нараджаецца, нават, не кожнае стагоддзе, напэўна, раз на тысячагоддзе. І ён нарадзіўся як раз у такі трагічны час для беларускай нацыі, для культуры і народа.
Ён пасля хваробы пачаў страчваць мову і ў гэты ж час страчваў мову і народ. Зразумела, чаму паэт страчвае мову – фізічныя прычыны. А, вось, чаму народ яе страчвае? Тым больш не праўда, што народ цураецца мовы і пахаванне Барадуліна гэта паказала. Мы прыехалі ў Вушачы, і прыйшлі туды тыя ж людзі, якіх я раней бачыў у звычайных абставінах. Яны ўсе там размаўляюць не па-расейску. Гэта, нават, не трасянка, а не ведама што, абы цябе разумелі. А тут усе хто там быў, а гэта па меньшай меры паўтысячы людзей, размаўлялі на чыстай беларускай мове.
Я тады падумаў, а, можа быць, мы і перабольшваем памеры моўнай трагедыі, можа не ўсё так страшна, а, проста, народ затаіўся: хочаце кам бы былі рускімі са знакам якасці, ну, давайце, будзем імі, каб задаволіць вашую фанабэрыю. А ў глыбіні, у прыцемках, там дзе жыве душа кожнага беларуса, можа быць, усё выглядае і не так як нам уяўляецца.
- А што як палітык вы б прапанавалі ў сферы культуры? Няўжо вяртацца да савецкай сістэмы з адзіным Саюзам пісьменнікаў?
- Не. Я яшчэ раней, але ўжо за часамі Лукашэнкі прапаноўваў на знак пратэсту супраць палітыкі дзяржавы ў сферы культуры самараспусціцца саюзу пісьменнікаў. Праўда, гэта не было падтрымана, бо такая свядомасць яшчэ была. Хаця нічога б не змянілася, бо арганізацыі, якія эфектыўна працавалі за савецкім часам, сёння малаэфектыўныя. Чакаць што нехта будзе асыпаць шчадротамі толькі за тое, што ты ўмееш граць ці спяваць не даводзіцца. У Адамовіча ёсць вельмі моцны эпізод у адной з яго аповесцяў, калі карнікі вядуць расстрэльваць хлопчыка, які ўмее спяваць і ён, не маючы аніякіх іншых сродкаў абароны пачынае паказваць, што ў яго ёсць голас, спадзеючыся на тое, што карнікі падумаюць: як жа забіваць такога салаўя?! Не, ніхто так не падумаў і яго растралялі разам з усімі астатнімі.
Так што сёння паказваць, што ў цябе ёсць голас даволі безсэнсоўна. А тое, што ты ўмееш нешта рабіць лепш за іншых, нават, небяспечна. Растраляць не растраляюць, але калі твой голас з адпаведнымі, скажам, акцэнтамі, з націскамі, то можаш за гэты голас паплаціцца. Ніколь творчасць не была надта бяспечнай справай, асабліва, калі гэтая творчасць свабоднага чалавека. А свабодны чалавек, творца, ён заўсёды ў адносінах з уладай не найлепшы хаўруснік, а з такім рэжымам як у нас ён і не можа быць хаўруснікам. І таму сёння тыя структуры, якія спрабуюць працаваць па такой схеме: Фонд падтрымкіт моладзі пры прэзідэнце, БРСМ - яны адсейваюць людзей перш за ўсё ідэалагічна. Не ведаю як яны робяць у выпадку са скрыпкай, але, напэўна, і на гэта ў іх ёсць нейкія тэсты. Але змянілася сітуацыя. Перш за ўсё творчых людзей змены не закрануць. Закрануць змены таго сацыяльнага слоя, які найбольш небяспечны для існавання любой улады, любая ўлада спрабуе яго ўзяць у саюзнікі – гэта актыўныя людзі. Спачатку будуць задавальняцца іхныя патрэбы. Потым трэба будзе задавольваць патрэбы, скажам так, рабочых і сялян. А потым ужо калі-небудзь творчых людзей. Я не хачу, каб так было. Патрэбы творчых людзей, калі і не ставіць на першае месца, то, прынамсі, задавольваць іх трэба адначасова з самымі першымі групамі. Бо мы настолькі шмат страцілі, мы настолькі адстаем у духоўным развіцці. У тым, што вызначае беларусаў як беларусаў, што калі мы сёння не нагонім гэтае адставанне, то застанецца толькі тэрыторыя з назвай Беларусі, але не будзе Беларусі, а можа і назву зменяць. Для мяне гэта непрымальна.
Калі ў Беларусі не будзе беларускага, то я і не разумею для чаго трэба мяняць сітуацыю. Для мяне вельмі важна каб на гэтым вялізным-вялізным абшары які называецца Зямлёй і на якім рассыпана чалавечая цывілізацыя, у гэтых россыпах чалавечай цывілізацыі была абсалютна заўважная часцінка Беларусі. Каб любы чалавек мог паглядзець і пазнаць – гэта Беларускае. А як гэтага можна дамагчыся? Па трактары “Беларус”? Досвед паказвае, што не. У шмат каго ёсць трактары і ў немцаў яны лепшыя. Па тэлевізары? Дык у японцаў тэлевізары лепшыя. Па гадзінніках – у швейцарцаў лепшыя. І тут мы нікога не дагонім і не перагонім. Толькі па ўнікальнасці культуры мы можам адрознівацца, мы адрозніваемся і толькі па гэтым нас будуць вызначаць - ёсць мы ці няма.