Як паведамляў наш сайт у анонсе слонімскага матчу, супернік даволі нязручны для аршанскай каманды. Але на гэты раз з ім удалося справіцца, як кажуць на слэнгу самі футбалісты, "без варыянтаў". Адкрыў лік на 20-й хвіліне Уладзімір Юрчанка, які забіў першы гол за новы клуб. На 39-й хвіліне Аляксей Хадневіч не пакінуў шанцаў слонімскаму брамніку, а на 42-й хвіліне Ілля Трачынскі стварыў сапраўдны шэдэўр. Яго ўдар з далёкай дыстанцыі прыйшоўся ў самыя "дзевяць", ды так, што брамнік "Слоніма" Андрэй Чашун не адразу зразумеў, што мяч уляцеў у сетку. Адзін з найпрыгажэйшых галоў аршанцаў у сезоне, яшчэ можна ўзгадаць фенаменальны мяч Дзмітрыя Жданка ў матчы з "Энергетыкам-БДУ" ў Менску.
3:0 пасля першага тайму, і многае было вырашана. У самым пачатку другой паловы Хадневіча вывелі сам насам з галкіперам, нападнік "Оршы" абгуляў суперніка і пад вуглом скіраваў мяч у браму - 4:0! Слонімцаў хапіла толькі на адзін мяч у адказ, які на 56-й хвіліне забіў Андрэй Салавей. Перамога 4:1, аршанцы займаюць 9-е месца ў табліцы. У Слонім прыехаў таксама і адзін фанат "Оршы", які ўвесь матч падтрымліваў "сіня-белых".
Орша: Харытонаў, Вараб'ёў, Казарэз, Антоненка, Мараў, Шчарбакоў, Жданок (Кітаёў, 77), Раджабаў, Юрчанка (Знак, 63), Трачынскі, Хадневіч (Волкаў, 85).
23 тур Першай лігі быў адметным масавымі паразамі лідараў, прычым на сваіх палях. Так, "Смалявічы" і "Тарпеда" па 0:1 прайгралі дома аўтсайдэрам "Смаргоні" і "Хіміку" адпаведна. А "Белшына" абсалютна неспадзявана асаромелася на сваім полі, атрымаўшы разгром ад "Баранавічаў" 0:3.