Памятная дошка ў гонар вялікай перамогі войскаў ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага з'явіцца ва ўкраінскім горадзе Роўна. Там будзе ўсталяваны так званы "камінь спотикання". Ён будзе ўмураваны ў асфальт у двары мясцовага краязнаўчага музею. Акрамя таго, у Роўным прэзентавалі кнігу пра Канстанціна Астрожскага і партрэт вялікага палкаводца. Партрэт напісаў мастак Юрый Нікіцін у стылі 16 стагоддзя. А кніга "Великий гетьман князь Костянтин Іванович Острозький" выйшла на ўкраінскай мове. Яе аўтар Мікола Бяндзюк адзначыў у інтэрв'ю выданню "День":
Бітва пад Воршай - падзея неардынарная. Але мы яе страцілі з-за Расеі, бо яе гісторыкі намагаліся знівеліяваць гэты факт. Навуковая машына была наладжана на тое, каб зменшыць значэнне бітвы. Аднак усе храністы таго часу адзначалі яе, як найбольшую. Дзякуючы перамозе войска князя Астрожскага на 40 гадоў удалося спыніць экспансію маскавітаў у Еўропу. Наша задача - адрадзіць памяць пра тую перамогу.
Святочныя імпрэзы прайшлі ў Роўна яшчэ 8-га верасня, і працягваюцца да сёння. Акцыю памяці Бітвы зладзіла грамадская арганізацыя "Слава князів Острозьких. Перемога під Оршею". Польшча, Летува і Украіна актыўна святкуюць вялікую перамогу. У Беларусі, на жаль, дагэтуль адсутнічае ўдзел улады, якая наадварот, трымае дыстанцыю ад вялікай падзеі гісторыі, дзе беларусі пакінулі вельмі вялікі след, а сама бітва адбывалася не толькі з самым актыўным і гераічным удзелам нашых продкаў, але і менавіта на нашай зямлі.