Сайт "Тузін гітоў" да 80-годдзя чорнай даты ў гісторыі беларускай культуры - у ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года НКУС расстралялі больш за 100 беларускіх дзеячаў культуры і навукі - выпусціў адмысловы музычны праэкт "(Не)расстраляная паэзія". Ініцыятары праэкту прапанавалі вядучым музыкам краіны запісаць свае кампазіцыі на вершы расстраляных у тую ноч паэтаў.
Удзел у праэкце прыняў і гурт Vuraj вакалістам якога з'яўляецца ўраджэнец Аршаншчыны (нарадзіўся ў вёсцы Тарчылава каля Балбасава) Сяржук Доўгушаў. Для свайго выканання гурт узяў тэкст Юркі Лявоннага "Настроі". Запісаны трэк Сяржук Доўгушаў пазіцыянуе не проста як песню, а як міні-п'есу. У п'есе музыкі паспрабавалі перадаць музыкай жыццё маладога паэта. Спачатку лірычнае юнацтва, а потмы музыка становіцца больш жорсткай - гэта арышт, катаванні і расстрэл. У сваім інтэрв'ю Сяржук сказаў, што задаволены атрымаўшымся творам і плануе унесці яго ў спіс выконваемых гуртом песень, а таксама зняць кліп на яго.
На відэа: прэзентацыйны ролік праэкта "(Не)расстраляная паэзія".
Юрка Лявонны пачаў друкавацца яшчэ ў 16-гадовым узросце. У 25 год ён ужо вядомы журналіст, крытык, аўтар шасці зборнікаў паэзіі і перакладчык. У 28 год яго фальшыва абвінавацілі ў шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці і арыштавалі. А праз год катаванняў у турме растралялі разам з іншымі паэтамі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКУС.