Пра гэтае здарэнне напісалі найбольш буйныя інтэрнэт СМІ краіны. Падрабязнасці здарэння апісвала агенцыя БелТА са спасылкай на ДАІ. Ва ўсіх паведамленнях пісалася, што загінула 45-гадовая аршанка без удакладнення яе прозвішча і месца работы.
Аварыя адбылася наступным чынам: 11 лістапада на 510 кіламетры трасы М1 (каля Талачына) ад легкавога аўтамабіля "Пежо" пад час руху адляцела кола. Дзіўны збег абставінаў, але гэтае кола патрапіла ў аўтамабіль, на якім у якасці пасажыркі ехала Таццяна Рыбакова. Абодва аўтамабілі прыпыніліся, Рыбакова пачала выклікаць на месца здарэння ДАІ, для чаго пайшла праз дарогу, каб высветліць дадзеныя другога аўтамабіля. У час пераходу праз дарогу яе збіў трэці аўтамабіль. Ударам жанчыну выкінула з дарогі, і яна тут жа памерла. Пахаванне Таццяны Рыбаковай прайшло 13 лістапада.
Таццяна Рыбакова адна са старажылаў Аршанскага суда. Як суддзя яна працавала спачатку ў судзе Аршанскага раёна і тады яе прозвішча (а беларускія суддзі вельмі непублічныя людзі) ўпершыню патрапіла ў сродкі масавай інфармацыі. Менавіта ёй аддалі ў 2007 годзе судзіць затрыманых удзельнікаў фестывалю на Крапівенскім полі, які сарвала міліцыя. У выніку актывіст Аляксей Янушэўскі і мастак Алесь Пушкін атрымалі па 7 сутак арышту. А Дзяніс Садоўскі (БХД) 5 сутак зняволення. У 2012 годзе да штрафу яна прысудзіла былога дэпутата парламента Валерыя Шчукіна. Апошні раз прозвішча Рыбаковай патрапіла ў навіновыя стужкі ў сувязі з вясновымі акцыямі пратэсту ў Оршы. Тады менавіта яна асудзіла на 15 сутак Паўла Севярынца.
Работа суддзі ў беларускіх умовах вельмі няўдзячная справа - удзячным за твае рашэнні, тым больш прынятыя праз "тэлефоннае права", а не па законе, мала хто будзе. Але ў дадзеным выпадку мы маем справу са смерцю чалавека. Таму рэдакцыя нашага сайту не будзе публікаваць каментары пад гэтым артыкулам. Просім нашых чытачоў паставіцца да гэтага з разуменнем.