Затрыманне 45-гадовага мужчыны - па нашай інфармацыі - адбылося даволі даўно, але толькі цяпер міліцыянты падрабязна распавялі абставіны справы журналістам. Вялікі артыкул на гэтую тэму выпусціла газета "СБ-Беларусь сегодня". Падазраваны быў ураджэнцам Талачынскага раёна, меў медычную адукацыю і працаваў памочнікам доктара. На рабоце характарызаваўся станоўча і пры гэтым не надта хаваў свае нетрадыцыйныя сэксуальныя схільнасці.
Суседзі па пад'езду даўно заўважылі, што да немаладога мужчыны ходзяць падлеткі ад 10 да 16 год, бывала нават цэлымі кампаніямі. Але гэта яшчэ не доказ віны. Атрымаўшы сігнал, супрацоўнікі міліцыі ўзялі медыка ў распрацоўку і працавалі некалькі месяцаў, каб знайсці доказы віны. Самі ж дзеці нічога распавядаць не хацелі - яны вельмі пазітыўна ўспрымалі свайго старэйшага таварыша і яго кампанію. Тым больш нярэдка мужчына дапамагаў дзецям нават грашыма.
У выніку, міліцыянты выявілі 40 эпізодаў злачынства. Цяпер мужчыне пагражае да 13 гадоў зняволення.