Сяржук Доўгушаў нарадзіўся ў Аршанскім раёне не далёка ад Балбасава ў вёсцы Тарчылава. Яшчэ ў школе захапіўся музыкай, але з першага разу не змог паступіць на музычную спецыяльнасць. Праўда, праз некаторы час яго самі заўважылі выкладчыкі Акадэміі мастацтваў і запрасілі паступаць на спецыяльнасць "Артыст оперы". Але Сяржука больш прываблівала не опера, а фальклор. Таму, пайшоўшы працаваць артыстам у Дзяржаўную філармонію, ён заняўся менавіта фальклорнымі пракэтамі, стварыў фальклорныя гурты Vuraj, Harmonic style projekt, ды стаў арганізоўваць даволі шмат мерапрыемстваў, якія папулярызуюць народную музыку. Адзін з найбольш вядомых яго праэктаў "Спеўныя сходы" - вялікія мерапрыемствы, на якія збіраліся нават па некалькі соцень чалавек для таго, каб разам спяваць беларускія песні.
Здавалася б, Сяржук цалкам рэалізаваўся як творчая асоба, і раптам на старонках сайта газеты "Наша Ніва" з'яўляецца навіна - Сяржук Доўгушаў з'язжае з краіны. Некалькі год таму ў асабістых размовах Сяржук ужо казаў, што думкі пра ад'езд з краіны ў яго бывалі, але Радзіма цягнула вяртацца. Магчыма, што і на гэты раз Доўгушаў не зможа з'ехаць надоўга, але пакуль выглядае ўсё менавіта так. Прычыну сваёй эміграцыі Сяржук растлумачыў адсутнасцю дзяржаўнай падтрымкі для культурных праэктаў. Сёння яму ўсё складаней шукаць грошы для новых праэктаў. Таму Сяржук звярнуўся да суседняй краіны - ён падаў заяўку на стыпендыю Міністэрства культуры Польшы і выйграў яе. Як мінімум да канца лета музыка будзе знаходзіцца ў Польшы, а потым не выключае пераезду ў ЗША. І ў той, і ў другой краіне даволі вялікія беларускія дыяспары і Сяржук плануе працягваць папулярызацыю беларускай музыкі, але цяпер на міжнародным узроўні.