Хаця музыка Сяржук Доўгушаў і плануе ў хуткім часе пераехаць у Польшу, дзякуючы атрыманай ад мясцовага ўрада стыпендыі, цялкам пакінуць удзел у беларускім культурніцкім жыцці ён не збіраецца. Не збіраецца ён забываць і пра родную Аршаншчыну. Яшчэ на сваім канцэрце з Аляксандрам Ясінскім, які прайшоў у фармаце кватэрніку з-за адмовы з боку аддзела культуры даць памяшканне, ён агучыў свой план стварыць у Оршы рэгулярны літаратурна-музычны фестываль прысвечаны Караткевічу. Больш падрабязна Сяржук распавёў пра ідэю фестываля ў інтэрв'ю "Радыё Свабода".Па яго словах, рознага роду перашкоды і забароны яго толькі матывуюць да большай працы. А галоўная матываць, што яго абражае калі пра Оршу распавядаюць як пра горад дзе "дзве турмы і аніводнага тэатру". Хаця, ведаючы аршанцаў, Сяржук упэўнены, што калі б тут праводзіліся канцэрты высокага ўзроўню, то людзі на іх пайшлі б. Канешне, у сёняшніх умовах узнікае пытанне ці дазволяць улады яму арганізаваць такі фестываль. На гэта Сяржук адказвае: "Калі будзе замінаць маё імя, мая асоба, то будзе рабіць іншы чалавек. А я яму ў гэтым дапамагу. Мяне ж таксама не спыніць: калі будуць замінаць, я прыкладу яшчэ больш намаганьняў".
Акрамя таго, што Сяржук вядомы як музыка і артыст дзяржаўнай філармоніі, ён адзначаўся як культурніцкі арганізатар і ўжо каторы год арганізоўвае музычную частку міжнароднага фестывалю "У госці да Лепельскага Цмока".