Жаночая зборная Беларусі па біятлоне 22-га лютага заваявала гістарычную перамогу ў эстафетнай гонцы на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. Гэта сапраўды гістарычная для ўсяго беларускага спорту перамога! За зборную Беларусі на дыстанцыі выступалі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава. Другі этап быў вельмі адказным, і на ім Ірына Крыўко не падвяла каманду, удала перадала свой этап Дзінары Алімбекавай. Срэбра ў гонцы з адставаннем 10,7 секунды заваявалі шведскія біятланісткі, а на трэцюю прыступку п'едэстала стала каманда Францыі.
Ірыне Крыўко 26 гадоў, і ў біятлон яна магла не трапіць. Аднойчы яе дом у Сянне згарэў, і сям'я мусіла пераехаць у інтэрнат, а там побач трэніровачная база па біятлоне. Так Іра і пачала займацца гэтым відам спорту. Бацька сышоў з сям'і, а маці працуе ў дзіцячым садку. Кар'ера ў спорце ў Ірыны цягнецца ўжо даўно, аднак чэмпіёнкай яна стала ўпершыню. Стаць алімпійскай чэмпіёнкай — найвышэйшае дасягненне на спартовым шляху, вышэйшых і прэстыжнейшых тытулаў проста не існуе ў прыродзе.
Дарэчы, зусім нядаўна ў родным для Ірыны Сянне адкрылі новую біятлонную базу, на якой тады яшчэ будучая алімпійская чэмпіёнка паспела пабываць і ацаніць яе як вельмі якасную.
Рэдакцыя нашага сайту сардэчна віншуе Ірыну Крыўко і ўсю біятлонную зборную, а таксама ўсіх заўзятараў з вялікай перамогай на Алімпіядзе!