Крыху больш за год таму ў Оршы прайшло выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў, прысвечанае перспектывам развіцця раёна да 2020 года. Пазней з'явіўся комплексны план першачарговых мер яго развіцця. У 2017-м Аршанскі інструментальны завод знаходзіўся на мяжы банкруцтва. Каб гэтага не дапусціць, распрацавалі праект яго мадэрнізацыі. І да гэтага часу капітальна адрамантавалі большую частку даху асноўнага вытворчага корпуса, каб абсталяванне не плавала ў лужынах пасля дажджу. Мадэрнізавалі 4 станкі. Аднак, на думку Леаніда Анфімава, прарывам гэта назваць складана:
- З 400 металаапрацоўчых станкоў практычна ўсе маюць патрэбу ў замене. Без гэтага сучасны высокадакладны інструмент не выпусціць. Неабходна мяняць дапатопнае абсталяванне ў гальванічным цэху. Вырашаць кадравую праблему. Класных спецыялістаў заробкам у 500 рублёў не ўтрымаць, - цытуе Анфімава «СБ».
А што на іншых вытворчасцях? Калі яшчэ гадоў 15 таму на заводзе «Легмаш» рабілі швейныя машыны, то пасля 2006-га, калі яго пад сваё крыло ўзяў БМЗ, вытворчасць прыкметна «пацяжэла». Цяпер на «Легмашы», па словах яго дырэктара Сяргея Коласа, ідзе маштабная мадэрнізацыя:
- Акрамя выпуску дапаможнага абсталявання і камплектуючых для БМЗ, мы асвоілі некалькі інавацыйных экспартна арыентаваных кірункаў. Ужо робім камплектуючыя для нафтагазавай прамысловасці, якія ў асноўным прадаюцца ў Расію. Хочам выпускаць адліваныя вырабы для чыгуначнага рухомага складу. Акрамя таго, на нашых плошчах ствараецца беларуска-чэшскае СП па вытворчасці балонаў для тэхнічных газаў.
«Легмаш» цяпер працуе эфектыўна, стабільна. У яго добрыя фінансавыя паказчыкі. Перспектыўным крокам Старшыня КДК лічыць уключэнне інструментальнага завода і завода «Легмаш» у Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Беларусі. Інфармацыя пра гэта з'явілася літаральна на днях. Што ж тычыцца праекта развіцця ўсяго Аршанскага раёна, то яго рэалізацыя Леаніда Анфімава не задаволіла:
- Выкананне даручэння прэзідэнта зацягваецца галоўным чынам з-за адсутнасці комплекснай дзяржаўнай праграмы. Так, ёсць план першачарговых дзеянняў. Але ў розных сферах цяпер узнікае занадта шмат праблем, якія без комплекснага падыходу ня вырашыць.
Кіраўнік КДК пабываў таксама на ільнокамбінаце і заводзе прыбораў аўтаматычнага кантролю - адным з самых праблемных аршанскіх прадпрыемстваў.