Завод «Легмаш» — буйное прадпрыемства створанае яшчэ ў СССР для вырабу швейных машынак. Але ў рынкавых умовах прадпрыемства хаця і мела добры тавар, з’арынтавацца не змагло. Напрыклад, пад самы развал Саюза, на заводзе пачалі вырабляць аверлакі, якія многія аршанцы скупалі і везлі праз мяжу прадаваць у Расію. Сам жа завод пры гэтым не мог наладзіць эфектыўны гандаль. І праз некалькі гадоў увогуле перастаў вырабляць швейнае абсталяванне.
У выніку з прадпрыемства гіганта завод пераўтварыўся ў прадпрыемства карлік — з некалькіх тысяч работнікаў на ім засталося некалькі соцен. І тады ўлады (па старой завядзёнцы) прымацавалі яго да іншага прадпрыемства, якое было ў трохі лепшых умовах. Гэтым прадпрыемствам стаў Жлобінскі металургічны завод. Што, праўда, у металургаў справы не заўсёды ішлі добра. У нейкія гады завод атрымліваў добрыя прыбыткі, а ў нейкія залазіў у страшныя крэдыты. Па стане на 2020 год Жлобінскі завод, які і кіраваў «Легмашам» меў пазыкаў больш чым 1,5 мільярды даляраў. У 2021 дзяржава дапамагла яму пагасіць амаль траціну пазыкі за кошт бюджэту.
Пры гэтым, аршанскі завод выконваў пераважна заказы жлобінскага. Хаця відавочна, жлабінчанам было б танней зрабіць асобны цэх у сваім горадзе і эканоміць на перавозках, чым цягнуць на сабе аршанскага банкрута.
Ад пачатку вайны Расеі супраць Украіны справы на «Легмашы» пайшлі лепей — ён атрымаў расейскія вайсковыя заказы. Па нашай інфармацыі, праўда, не мог выканаць іх у тым аб’ёме, які патрабаваў заказчык.
Вось у якіх умовах дзяржава вырашыла забраць сабе раней непатрэбны завод. Хаця, фактычна, ён і быў дзяржаўным, але праз дзяржаўных акцыянераў. 16 лютага ўрад прыняў рашэнне пра тое, каб забраць акцыі, якія належалі Аршанскаму райвыканкаму і акцыі, якія належылі «Беларускай металургічнай кампаніі» (па-сутнасці жлобінскаму заводу). Усе акцыі пойдуць дзяржаве бясплатна.