Жорсткае забойства 21-гадовай жыхаркі гарадскога пасёлка Багушэўск Сенненскага раёна за 1 тысячу даляраў замовіў 51-гадовы грамадзянін Арменіі, які страціў па віне дзяўчыны свайго сына. Мужчына меў від на жыхарства ў Беларусі і таксама пражываў у Багушэўску. Увесну гэтага года міліцыя атрымала інфармацыю пра тое, што ён актыўна шукае заказнога забойцу, каб пакончыць з аднавяскоўкай. Справа ў тым, што ў траўні 2017 года аўтамабіль, якім кіравала гэтая дзяўчына, трапіў у ДТЗ недалёка ад вёскі Белянёва Сенненскага раёна. «Ford Focus», за стырном якога знаходзілася жыхарка Багушэўска на хуткасці не менш за 90 кіламетраў на гадзіну вылецеў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з «ВАЗ-2121», якім кіраваў 75-гадовы жыхар Сенненскага раёна.
У «Ford» было тры пасажыры, двое з іх загінулі: 17-гадовая дзяўчына памерла на месцы ДТЗ, а 16-гадовы хлопец памёр пазней ад атрыманых траўмаў. Вадзіцельскі стаж жыхаркі Багушэўска складаў усяго два гады, а легкавы аўтамабіль, на якім каталася кампанія моладзі, належаў яе бацьку.
Суд прысудзіў дзяўчыну да пазбаўлення волі на 5 гадоў, адбываць пакаранне яе адправілі ў выпраўленчую калонію-пасяленне ў Гомельскай вобласці.
Але бацьку памерлага ад атрыманых траўмаў гэтага пакарання здалося мала. Як сцвярджаюць у міліцыі, ён неўзабаве пасля прысуду вінаватай пачаў пошукі заказнога забойцы, прычым пошукі кілера вяліся як у Беларусі, так і ў Расеі. Супрацоўнікі ГУБАЗіК ўсталявалі, што армянін звярнуўся з замовай да 39-гадовага беларуса, які пражывае ў Расеі. Яму былі прапанаваны грошы. Далейшая рэалізацыя злачыннага намеру праходзіла пад кантролем аператыўных супрацоўнікаў.
Жыхар Багушэўска пазбягаў сувязі праз тэлефон або іншыя сродкі камунікацыі, усе дэталі замовы абмяркоўваліся толькі пры асабістых сустрэчах, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска». Адным з патрабаванняў заказчыка было тое, каб дзяўчына памерла пакутлівай смерцю. Пры гэтым, нібы ў баевіках, заказчык злачынства запатрабаваў ад выканаўцы і доказаў здзяйснення забойства.
Кілер, які на шчасце не стаў такім, прадаставіў грамадзяніну Арменіі фатаграфіі цела ахвяры з адасобленай нагой, вырабленыя з дапамогай фотамантажу. Пасля таго, як дэталёва абумовіў наступную аплату выкананай працы, заказчык быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы АМАПу.
27 ліпеня ў дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па ч.4 арт.16, п.12 ч.2 арт.139 КК. Падазраванага змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Віцебску, паведаміў начальнік аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю 7-ого кіравання (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь Руслан Баязітаў.