Турыстычны аўтобус міжнародных зносін перакуліўся ў Аршанскім раёне. Здарэнне з аўтобусам міжнародных зносін "Кіеў-Талін", на борце якога знаходзіліся 53 чалавекі - грамадзяне Украіны, Малдовы і Расеі, адбылося ў 4.30 2 жніўня, паведамляе ДАІ. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца заснуў за стырном і на 186-м км аўтадарогі М8 каля вёскі Светачоўка наехаў на светлавую апору, пасля чаго аўтобус перакуліўся на бок у кювет па ходзе руху.
Для ацэнкі фізічнага стану ў бальніцу былі дастаўлены 12 чалавек. Па словах медыкаў, сур'ёзных траўмаў у аварыі ніхто з пацярпелых не атрымаў і ў шпіталізацыі няма патрэбы. Супрацоўнікі міліцыі і работнікі МНС арганізавалі дастаўку астатніх пасажыраў у гасцініцу, ім аказалі іншую неабходную дапамогу.
У Оршу з Ліды прыехаў рэзервовы аўтобус, на якім турысты працягнулі паездку ў суправаджэнні ДАІ. Пры вывучэнні тахографа было ўстаноўлена, што перазменка кіроўцаў павінна была адбыцца ў 5 гадзін.