Зусім не ідуць справы ў 2-й лізе ў футбольнага клуба "Горкі". Нагадаем, што каманда шмат гадоў запар выйгравала чэмпіянат Магілёўскай вобласці, але па фінансавых прычынах ніяк не магла заявіцца на больш высокі ўзровень, у 2-ю лігу. Сёлета гэта нарэшце стала магчымым. Але вось вынікі "Горак" пакуль не радуюць заўзятараў чырвона-сініх. Пакуль на рахунку каманды толькі адна перамога, ды і тая атрымана ажно 29-га красавіка над сталічным "Энергетыкам-БДАТУ" з хакейным лікам 5:3. З таго часу, ужо амаль 3,5 месяцы каманда не перамагала. За гэты час яна чатыры разы згуляла ўнічыю (з "Клецкам", "Маладзечнам", гомельскім "Бумпрамам" і "Асіповічамі"), а астатнія 10 матчаў прайграла.
На пачатку другога кругу чэмпіянату «Горкі» займаюць перадапошняе, 14-е месца ў 2-й лізе. Каманда мае толькі 7 пунктаў. Ніжэй толькі гомельскі клуб "Бумпрам", які мае 5. Дарэчы, бліжэйшы матч "Горкі" правядуць у Менску 18-га жніўня акурат супраць адзінай каманды, якую пакуль перамагалі, "Энергетыка-БДАТУ". Дарэчы, брамнік гэтай каманды Аляксей Сякацкі працуе бухгалтарам у "Энергазбыце", а сам ён з Бабінічаў Аршанскага раёна.