На днях у Віцебску затрымалі намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Ярмыкіна. Гэтую інфармацыю Tut.by пацвердзілі некалькі інфармаваных крыніц.
«Затрымалі Ярмыкіна і яшчэ некалькіх яго таварышаў. Некаторыя былі раней судзімымі і нідзе не працавалі. Іх падазраюць у ашуканстве», — сказаў суразмоўца.
Па словах яшчэ адной крыніцы, гэтая група асоб спрабавала вырашыць пытанні па змякчэнні пакарання для былога дырэктара Аршанскага авіярамонтнага і інструментальнага заводаў Уладзіміра Троіцкага, якога ў пачатку года прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі. «Казыралі» сувязямі і патрабавалі грошы. Завалодалі некалькімі тысячамі даляраў, калекцыяй манет і ювелірнымі вырабамі. Але першапачаткова не планавалі выконваць абавязацельствы», — сказала крыніца.
Сяргей Ярмыкін (другі справа, з георгіеўскай стужкай) разам з аднапартыйцамі. Фота: ldp.by
Сяргей Ярмыкін балатаваўся ў дэпутаты, з'яўляецца старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі ЛДП.
Кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч сказаў Tut.by, што ў гэтай гісторыі «палітыкі дакладна няма». «Гэта пытанні камерцыі і бізнэсу. Але мы пакуль асцярожныя ў ацэнках. Хай пройдзе праверка», — заявіў Гайдукевіч. «У нашай партыі 50 тысяч сябраў. Таму ўсякае бывае. Але я паставіў задачу да 2019 года ачысціцца і пазбавіцца ад непатрэбных пытанняў. Каб у партыі былі адны «цнатлівыя», як я», — дадаў палітык.