Праходзіць фінальны этап чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе. У яго не трапіла "Сянно", якое на дзіва правяло кепскі сезон, бо ў папярэднія гады гэта была адна з мацнейшых каманд. Сенненцы апярэдзілі толькі абсалютнага аўтсайдэра сваёй зоны ФК "Шуміліна". А дубровенскаму "Дняпру" наогул не хапіла 1 пункта для выхаду ў фінальную "пульку".
А вось талачынская "Ніва" ў гэтым сезоне стала пагрозай для ўсіх. Напярэдадні яна атрымала новую перамогу на фінальным этапе. Праўда, на гэты раз супернік быў не самы моцны - "Мёры", якія ў вырашальным раўндзе пакуль набралі толькі 2 пункты. Талачынская каманда выйграла 1:0. У гэтым жа туры "Лепель" не змог перамагчы на сваім полі віцебскі "Газавік" (1:1). І гэта фактычна пазбавіла дзейных чэмпіёнаў лепельцаў рэальных шанцаў на абарону тытулу.
У іншых матчах туру "Славянскі Вялес-Дзвіна" з Віцебску саступіў "Полацкгазу" 1:3, а "Глыбокае" і "Детскосельский" з Гарадку згулялі 3:3. Палачане працягваюць лідзіраваць, каманда з Гарадку на 2-м месцы, а галоўная сенсацыя сезону, якой сталася талачынская "Ніва", займае трэцяе месца.