З нядаўняга часу па Беларусі заўважны рост цікавасці да Беларускай мовы, нават з боку ўладаў. Праявілася гэта і ў тым, што шыльды з назвамі вуліцаў усё часцей сталі з'яўляцца менавіта на беларускай мове. У некаторых гарадах увогуле шыльды былі цалкам замененыя на беларускамоўныя, або з выкарыстаннем двух моваў. У Магілёве акрамя сучаснай беларускамоўнай назвы вуліцы шыльды на будынках утрымліваюць яшчэ і назвы гістарычныя. Па краіне гэты інтарэс заўважны, але да Оршы гэтая тэндэнцыя не дайшла.
У сувязі з гэтым Аршанская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны звяртаецца да ўладальнікаў прыватных дамоў у абавязкі якіх уваходзіць і размяшчэнне шыльды з адрасам дома, пачаць усталёўваць на сваіх дамах менавіта беларускамоўныя шыльды з назвамі вуліцаў. Сябры ТБМ могуць дапамагчы з правільным перакладам назваў і, калі цікава, то і падказаць як вуліца называлася раней. Па меркаванні актывістаў арганізацыі, такім чынам можна павялічыць долю беларускай мовы на вуліцах гораду і без удзелу мясцовых уладаў, хаця да іх таксама будзе накіраваны адпаведны зварот па шыльдах на шматпавярховых дамах.