Традыцыйна дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча ў Оршы святкуецца цэлы тыдзень і мерапрыемствы ў гонар пісьменніка ладзяць не толькі структуры аддзела культуры, але і грамадскія актывісты, іншыя дзяржаўныя арганізацыі. У гэтым годзе першымі адзначылі народзіны Караткевіча грамадскія арганізацыі. У нядзелю актывісты сабраліся каля помніка Караткевічу, хаця дзень народзінаў пісьменніка 26 лістапада, у нядзелю для многіх сабрацца было зручней. Актывісты каля помніка пачыталі вершы Уладзіміра Сямёнавіча і ўсклалі кветкі. Далей каля трыццаці удзельнікаў імпрэзы скіраваліся на вуліцу Караткевіча, дзе ўсклалі кветкі яшчэ і да гарыльефу пісьменніка на былым будынку піўзавода.
Некалькі дзён таму аршанская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы" заклікала жыхароў прыватнага сектару ўсталёўваць на сваіх дамаў беларускамоўныя шыльды з назвамі вуліцаў. Першая такая шыльда пасля закліку і з'явілася на вуліцы Караткевіча. Прычым усталёўвалі яе ўсе ўдзельнікі святкавання разам.
А пасля ўсяго на адным з грамадскіх офісаў людзі сабраліся для літаратурнай вечарыны ў якой прыняў удзел і госць з Віцебску — пісьменнік Кастусь Севярынец. Цікава ён распавёў пра ўзаемадачыненні паміж Караткевічам і газетай "Ленінскі прызыў" (сёняшняя "Аршанская газета"). У свой час менавіта нашая раёнка апублікавала артыкул "Не ў нагу з часам", у якой Караткевіча раскрытыкавалі і навешалі ярлыкоў. Рэспубліканская прэса хутка дала адпор раённым "літаратурным крытыкам" і рэпутацыя аршанца была адноўлена, нават, палепшана, бо заступаліся за яго аўтарытэтныя і вядомыя людзі. Але пасля такога выпадку паміж раёнкай і пісьменнікам наступіў перыяд узаемнага ігнаравання. Аршанская газета не заўважала існавання Караткевіча, а Караткевіч, нават, бываючы ў Оршы абыходзіў рэдакцыю ды супрацоўнікаў раёнкі.
На фота: Кастусь Севярынец выступае каля помніку.
На відэа: актывісты ТБМ усталёўваюць беларускамоўную шыльду на вуліцы Караткевіча