12:00

-3

7 м/с

1006 гПа

15:00

-2

7 м/с

1004 гПа

18:00

-1

7 м/с

1003 гПа

21:00

-1

6 м/с

1003 гПа

00:00

-2

6 м/с

1003 гПа

Орша, Культура

Ці бываў Міцкевіч у Оршы?

23.12.2018 11:46

3089 праглядаў, 4 каментара

Да 220 –годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча

24 снежня 2018 года спаўняецца 220 год з дня нараджэння вялікага польскага паэта, сусветна вядомага гуманіста, змагара за свабоду, шчасце і дружбу паміж народамі Адама Міцкевіча. Сказана, пераказана і напісана пра яго шмат, бо жыццё і творчасць генія невычэрпны. Тэма ж нашага сціплага аповеду значна вузейшая – “Міцкевіч і Орша”.

Сем антычных гарадоў спрачаліся некалі за гонар быць радзімай Гамера. З Міцкевічам крыху прасцей. Да нядаўняга часу ён “манапольна” належыў Польшчы і польскай культуры. Сваім лічаць паэта і сённяшнія літоўцы (жамойты). Але ж любы непрадузяты даследчык прызнае, што А.Міцкевіч паходзіў з апалячанай беларускай шляхты. Нездарма Уладзімір Караткевіч у сваім іранічным вершы “Бог важдаецца з беларускімі прозвішчамі” трапна заўважыў:

Быў там нейкі Ванька –

Стаў Ваньковіч,

Быў там нейкі Міцька –

Стаў Міцкевіч.

Так, усе карані паэта ў беларускай зямлі. Менавіта тут, на Беларусі-Літве, нарадзіліся ягоныя продкі. Тут, на адноўленым дваццаць год таму хутары Завоссе (цяпер у Баранавіцкім раёне) 24 снежня 1798 года ўбачыў свет і сам Адам Міцкевіч.

Усё свядомае жыццё А. Міцкевіч лічыў сябе літвінам. У велічнай паэме-эпапеі “Пан Тадэвуш” ім апаэтызавана наша беларуская зямля, найперш Наваградчына:

Літва! Бацькоўскі край, ты

як здароўе тое:

Не цэнім, маючы, а страцім – залатое...(пераклад Я. Семяжона).

Дарэчы, А. Міцкевіч ніколі не жыў у “кароннай” Польшчы і толькі свае бессмяротныя шэдэўры ён ствараў на польскай мове, мове тагачаснага культурнага грамадства заходніх зямель Расійскай імперыі. Выхаваны на беларускім фальклоры, паэт цудоўна ведаў і карыстаўся жывой беларускай мовай. Шырока вядома ягонае выказванне пра яе: “На беларускай мове...гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек, гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана”. Дый уся творчасць Адама Міцкевіча наскрозь прасякнута беларускасцю. І тое, што Беларусь усё больш аддае яму належную пашану і павагу, сведчыць і адкрыццё помніка А. Міцкевічу ў сталіцы нашай краіны, а таксама выданне ў залатой серыі “Беларускага кнігазбору” важкага тома яго выбраных твораў.

А. Міцкевіч, па словах А. Пушкіна, марыў аб тым часе, “когда народы, распри позабыв, в великую семью соединятся”. Паэт, шмат павандраваўшы па Еўропе, стаў сапраўдным вешчуном еднасці яе народаў. І ў тым, што цяпер Еўропа амаль што адзіная, ёсць і ягоная немалая заслуга. Некалі на мясцовым тэлеканале “Скиф” у дзённыя гадзіны рэтрансляваўся канал “Палонія”. Ён разлічаны ў першую чаргу на палякаў-суайчыннікаў, якія жывуць па ўсім свеце. Некалькі соцень іх ёсць і на Аршаншчыне. Але хоць крыху ведаючы польскую мову (а яна блізкая да беларускай), можна было паглядзець цікавыя мастацкія і дакументальныя фільмы, спектаклі, навіны, розныя ток-шоў. Пра адно з іх ёсць нагода зараз распавесці. У студыі сабралася моладзь, якая задавала вострыя пытанні пра Еўрасаюз ды НАТА, куды ўступіла Польшча, Адаму Міцкевічу. Вядома ж, не паўстаўшаму з магілы, а актору. І ён словамі А.Міцкевіча (з большага паэтычнымі) пераконваў, і, здаецца, вельмі ўдала, удзельнікаў перадачы ў перавазе ўсеагульных еўрапейскіх каштоўнасцей: свабоды, дэмакратыі, справядлівасці, павагі да правоў чалавека. Так што слова паэта актуальна і сёння.

Але ж вернемся да нашай асноўнай тэмы. Да 200-гадовага юбілею паэта ў Мінску пабачыла свет унікальнае выданне “Адам Міцкевіч і Беларусь”.У кнігу ўключаны артыкулы беларускіх і польскіх аўтараў, прысвечаныя класіку, а таксама бібліяграфія “Адам Міцкевіч і Беларусь”. У кнізе Орша не згадваецца ні разу. Але ці быў А. Міцкевіч у Оршы? Так, быў. Пасля разгрому ў Вільні рэвалюцыйных арганізацый філаматаў і следства па гэтай справе А. Міцкевіч быў прыгавораны да высылкі ў цэнтральныя губерні Расіі. У кастрычніку 1824 года ён, ужо вядомы творца, са сваімі сябрамі Ю. Яжоўскім і Ф. Малеўскім прыбывае ў Санкт-Пецярбург. Тут паэт знаёміцца з будучымі дзекабрыстамі. Прымаецца на службу ў Міністэрства асветы і накіроўваецца ў Адэсу настаўнічаць у Рэшыльеўскі ліцэй.

На малюнку: Філаматы і філарэты. А. Міцкевіч – у цэнтры, Т. Зан зверху злева

У пачатку 1825 года А. Міцкевіч з сябрамі едуць ў санях з Санкт-Пецярбурга на поўдзень. Спыняліся ў Віцебску, Гомелі. Зразумела ж, праязджалі і наш невялікі гарадок з драўлянымі дамамі, якія патаналі ў снезе. Паводле ўспамінаў Малеўскага, падарожжа ад Балтыйскага мора да Чорнага заняло тры тыдні і было звычайным, без аніякіх здарэнняў. Сам жа А. Міцкевіч дарожных нататкаў, на жаль, не вёў.

Не мог ён тады ведаць, што непадалёку ад Оршы, у маёнтку Кахачын (цяпер – вёска Какоўчына Сенненскага раёна) знойдзе сабе прытулак ягоны лепшы сябра, “вечны выгнаннік” Тамаш Зан. Менавіта ён падчас следства па справе тайных арганізацый узяў на сябе ўсю адказнасць. За што і паехаў на катаргу ў далёкі Арэнбургскі край. А мог туды накіравацца не па сваёй волі і Адам. І невядома, як бы слаўся ягоны далейшы чалавечы і творчы лёс. Нездарма ж А. Міцкевіч потым успамінаў: “Тагачасныя некалькі месяцаў жыцця Тамаша каштуюць за дзесяць гадоў нашага цяперашняга пастаянства! Ён даў прыклад любові!”

На малюнку: Адам Міцкевіч. Малюнак М. Купавы

У вёсцы Какоўчына, дзе правёў апошнія гады свайго гераічнага і трагічнага жыцця Т. Зан, знаходзіўся ягоны сціплы драўляны дом. Стаяў ён на ўзгорку, з якога адкрываўся маляўнічы краявід. Сучаснікам ён напамінаў шляхецкую сядзібу, апісаную ў першай кнізе “Пана Тадэвуша”. Тамаш Зан, імя якога непарыўна звязана з імем Адама Міцкевіча і якому вялікі пясняр прысвяціў не адзін пранікнёны паэтычны радок, знайшоў свой вечны спакой на Аршанскай зямлі, на каталіцкіх могілках мястэчка Смаляны.

На фота: Магіла Т. Зана ў Смалянах

Імя Адама Міцкевіча ўвекавечана ў Оршы ў назве адной з новых вуліц. Да ўшанавання святога імя паэта-патрыёта прычыніўся ўраджэнец Оршы, вядомы беларусі мастак Мікола Купава. Яму выпаў гонар стаць аўтарам першай беларускай паштовай маркі і картмаксімума, прысвечаных А. Міцкевічу.

На фота: Помніку А. Міцкевічу ў Мінску

Ва ўжо згаданым зборніку “Адам Міцкевіч і Беларусь”, дзе, здаецца, сабрана ўсё, што напісана пра паэта ў нашай краіне (названы нават публікацыі ў мясцовым друку), у раздзеле “Паэтычны вянок вешчуну” змешчаны творы беларускіх паэтаў, прысвечаныя А. Міцкевічу. Але вельмі дзіўна і незразумела, што ні ў ім, ні ў бібліяграфіі не згадваецца бадай што самае пранізлівае і пяшчотнае прызнанне ў любові да паэта – верш у прозе Уладзіміра Караткевіча “Слова Міцкевічу”. Ён створаны недзе ў сярэдзіне 1950-х гадоў і апавядае пра бытуючае ў Беларусі павер’е, быццам у ноч на дваццаць шостае лістапада Міцкевіч з’яўляецца на зямлю, якая яго нарадзіла. Заходзячы ў хаты, ён глядзіць у вочы новаму чалавеку, які нарадзіўся ў гэты дзень, калі паэт памёр. І калі бачыць, што сумленные вочы ў яго бацькоў, дае таму добры і шчаслівы лёс: “Аднаму...будучыню слаўнага казачніка, другой – будучыню добрай маці, трэцяму – славу вялікага героя, а чацвёртаму – проста славу Чалавека, працаўніка, рукі якога робяць усё на зямлі і кормяць таксама ўсіх”.

“Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам, – піша Уладзімір Караткевіч, які як раз і нарадзіўся 26 лістапада. – Я не кажу, што твой вялікі голас гучыць у нашым. Проста маленькім ялінам добра ў цяні адвечнага дрэва”.

Наш славуты зямляк вельмі любіў паэзію Адама Міцкевіча. Для зборніка “Зямля навагрудская, краю мой родны” ён пераклаў паэму “Мешка, князь наваградскі”. Словамі Караткевіча хочацца і скончыць гэтыя юбілейныя нататкі: “Кветкі і чырвоныя галіны восені, працу рук нашых і песні прыносім мы на магілу тваю, вялікае сэрца славянскае, настаўнік і сябра наш.

Звоняць і звоняць вярбовыя струны, і цвёрдыя крокі твае заўсёды гучаць з нашымі, і наперадзе, і лёгка нам ісці, адчуваючы цябе поруч.

Туды, туды, дзе сонца ўсходзіць”.

Віктар Лютынскі

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Ці бываў Міцкевіч у Оршы?

Да 220 –годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение