У ДАІ аб п'яным кіроўцу сельгасмашыны паведамілі мясцовыя жыхары. Недалёка ад дома № 76 па вуліцы Валадарскага інспектары заўважылі трактар, які ехаў віхляючы з боку ў бок.
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі гукавымі сігналамі і пробліскавымі маячкамі чырвонага і сіняга колеру неаднаразова патрабавалі ад кіроўцы, каб той спыніў машыну. Механізатар праігнараваў патрабаванні. Спрабуючы не даць машыне ДАІ абагнаць сябе, кіроўца перыядычна выязджаў на сустрэчную паласу, і толькі па шчаслівай выпадковасці не ўрэзаўся ў аўтамабілі, якія ехалі ў сваім накірунку. Трактарыста ўдалося спыніць досыць хутка. Як высветлілася, у кабіне п'яны мужчына вёз даму сэрца. Медагляд паказаў у механізатара ў крыві каля 1,3 праміле алкаголю.
Як растлумачыў кіроўца трактара, з раніцы ён выйшаў на працу цвярозым і без праблем прайшоў медыцынскі агляд. У абед механізатар выпіў бутэльку віна, якой яму здалося мала, таму ён паехаў у краму за "дагонкай".
У дачыненні да механізатара склалі чатыры адміністрацыйныя пратаколы: за язду ў п'яным выглядзе, неаднаразовы выезд на сустрэчную паласу, ігнараванне патрабаванняў ДАІ спыніцца і перавозку пасажыра ў кабіне трактара. Акрамя вялікага штрафу жыхару Талачынскага раёна пагражае да пяці гадоў пазбаўлення права кіраваць транспартнымі сродкамі.