Увечары 19 траўня ў бабруйскім офісе АГП адбылося адкрыццё экспазіцыі Музея сталінскіх рэпрэсій. Усе матэрыялы, сабраныя тут, знайшла грамадская актывістка Вольга Піманава. Дакументы, якія тычацца дзейнасці аналагічнага музея Ганны Бакач, які раней працаваў у Бабруйску, прадаставіў рэдактар "Бабруйскага кур'ера" Анатоль Санаценка.
На адкрыццё прыйшло некалькі дзесяткаў бабруйчан.
Уладзімір Раманоўскі, старшыня беларускай філіі "Мемарыяла", прыехаў на адкрыццё, каб прэзентаваць музею падборку навуковых прац і кніг, якія ўтрымліваюць матэрыялы на тэму рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі.
-У мяне вялікая надзея на Вольгу Піманаву як на энтузіястку, - адзначыў Уладзімір Раманоўскі. - Буду імкнуцца дапамагчы легалізаваць гэты музей. Ён можа пакласці пачатак зараджэння музейнага руху ў Беларусі, прысвечанага тэме рэпрэсій.
Вольга Піманава апрабавала сябе ў ролі экскурсавода: расказала пра музейныя экспанаты, прывяла агульныя звесткі па рэпрэсаваных у краіне і на Бабруйшчыне. Азнаёміла з лёсам знакамітых землякоў, якіх закрануў карны апарат, - гэта Мікалай Азбукін, Вера Харужая, Платон Галавач, Барыс Мікуліч, Сяргей Грахоўскі, Цодзік Славін. Таксама Вольга расказала гісторыі некалькіх простых бабруйчан, якія былі расстраляныя ў бабруйскіх турмах НКУС па надуманых прысудах.
-У адну ноч "нкусаўцы" расклалі ў двары бабруйскай турмы вялізнае вогнішча і спалілі там рукапісы нашых рэпрэсаваных пісьменнікаў. На жаль, мы ніколі ўжо не прачытаем гэтыя ўзоры творчасці першай плыні мясцовых беларускіх творцаў, - адначыла Вольга Піманава.
-Рэпрэсіі былі своеасаблівай латарэяй, рабіліся па разнарадцы, - расказаў падчас свайго выступу журналіст Анатоль Санаценка. - З-за недахопу ідэалагічных "ворагаў" карнікі пераходзілі з інтэлігенцыі на звычайных людзей, сялян ды рабочых.
Анатоль Санаценка расказаў пра Музей сталінскіх рэпрэсій, які дзейнічаў у Бабруйску з 1995 да 2003 года і быў гвалтоўна знішчаны. Між тым, гэта быў на той момант адзіны ў свеце Музей сталінскіх рэпрэсій. А Бабруйская арганізацыя ахвяр палітычных рэпрэсій налічвала ў тыя часы каля двух тысяч сябраў.
Першыя наведнікі музея праглядзелі ўрывак з фільма пра рэпрэсаваных святароў "З крыжам на крыж", а таксама фільм пра Ганну Бакач і яе музей.
Напрыканцы мерапрыемства Вольга Піманава заклікала сваякоў рэпрэсаваных дзяліцца матэрыяламі, каб сведчыць пра жахі мінулага, якія не павінны паўтарыцца зараз.
-Я думаю, мы вырашылі ствараць музей своечасова. На фоне падзей, якія адбываюцца сёння ва Ўкраіне, мы не павінны забываць, да чаго можа прывесці жаданне аднаго народа панаваць над іншымі, - адзначыла стваральніца музея.
Мясцовая каардынатарка БХД Таісія Кабанчук прапанавала таксама збіраць экспазіцыю сведчанняў пра сучасныя рэпрэсіі.