Папулярнай навіной верасня стаў мост цераз раку Крапівенка. Першымі змагацца за мост пачалі грамадскія актывісты Зміцер Казлоў і Піліп Шаўроў, яны звярнуліся да мясцовых уладаў. Неўзабаве дзяржаўная прэса напісала, што ў Віцебскай вобласці наогул аварыйныя 78% мастоў і, маўляў, не трэба так хвалявацца — чарга на рамонт дойдзе да кожнага, а мост цераз Крапівенку дачакаецца "ўжо" ў 2021. Але розгалас у незалежных СМІ, а таксама рэальная пагроза падзення моста паўплывалі на больш хуткае вырашэнне пытанння. Наўрад ці нехта з чыноўнікаў хацеў крымінальнай справы за якое-небудзь надзвычайнае здарэнне на месцы, таму грошы былі хутка знойдзеныя. У верасні адбыўся сход па пытанні занядбанага парку Ільнокамбіната, прайшоў ён на падвышаных танах.
Больш за 10 гадоў уніяцкая парафія Пакрова Прысвятой Багародзіцы змагалася за рэгістрацыю і, нарэшце, дамаглася свайго. Цяпер, нарэшце, улады прызналі яе. Двое студэнтак з Оршы пасля перапіскі ў сацсетках пазбавіліся грошай са сваіх банкаўскіх картак. «Тэхніка сувязі» аб’явіла тэндэр на знос старога цэха, дэградацыя былога і колісь магутнага прадпрыемства працягнулася. У самым цэнтры Оршы ранкам 15-га верасня патануў аўтамабіль, вельмі папулярным стала відэа, як яго даставалі з ракі. На нашым сайце выйшаў і артыкул пра спорт на Аршаншчыне і яго праблемы. Урэшце, у раёне льнокамбіната адным ранкам малады хлопец разграміў увесь пад’езд.