Відэаблогер пад мянушкай "Шэры Кот" працягвае барацьбу за хутчэйшы рамонт маста цераз раку Крапівенку. Аўтамабільная праезная частка там яшчэ ў адносным парадку, а вось пешаходная зона, як пісаў Orsha.eu, з кожным месяцам прыходзіць ва ўсё больш жудасны стан. Пра гэта яскрава сведчаць і свежыя фотаздымкі маста.
Варта сказаць, змаганне блогера за рамонт выклікала немалы пярэпалах у калідорах мясцовай улады ў Оршы і Крапіўне, ды так, што інфармацыя ў кароткі тэрмін дасягнула Менска. І ўжо дзяржаўная газета "Советская Белоруссия" стала займацца дадзенай тэмай. Выданне звярнулася па каментар да галоўнага інжынера "Віцебскаўтадара" Аляксандра Рымашэўскага. Той адзначыў, што 78% мастоў у Аршанскім раёне знаходзяцца ў аварыйным стане — нечуваная лічба!
Кожны наш філіял робіць штогод бягучы рамонт аднаго моста, гэта 11 збудаванняў па ўсёй вобласці. Капітальны рамонт робіцца сіламі падрадных маставых арганізацый, усяго адно-два збудаванні на год, чаго вельмі недастаткова. Да прыкладу, толькі ў Аршанскім раёне 46 мастоў, з іх 36 маюць патрэбу ў капітальным рамонце. Мы праводзім ранжыраванне і ўключаем у план тыя збудаванні, чый стан найбольш крытычны. Мост цераз Крапівенку пабудаваны ў 1976 годзе, з таго часу ні разу не рамантаваўся. На сёння ён уключаны ў план рамонту на 2022 год.
Паводле апошніх звестак, у Віцебскай вобласці на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах размешчаны 357 мастоў, на сёння 301 з іх маюць патрэбу ў рамонце. 9 трэба рэканструяваць, 121 чакаюць бягучага рамонту, 171 — капітальнага.