12:00

+8

3 м/с

984 гПа

15:00

+8

3 м/с

984 гПа

18:00

+7

3 м/с

985 гПа

21:00

+7

2 м/с

985 гПа

00:00

+6

3 м/с

986 гПа

Рэгіён, Спорт

Што нарабілі са спортам?

16.09.2019 11:11

10964 прагляду, 5 каментароў

Кіраўніцтва спартыўнай галіны ў Оршы не заўсёды разумее, што робіць. А прыезжыя чыноўнікі робяць выгляд, што разумеюць лепей.

Пасля наведвання прэзідэнтам краіны Аршаншчыны і яго заяў аб "руінах і попеле" тут, заўзятыя мясцовыя чыноўнікі спартыўнай галіны рэзка ўзяліся ратаваць стадыёны ў Барані і Балбасаве, а таксама стадыён на Ільнокамбінаце. Рэзкасць гэтая не заўсёды бачная няўзброеным вокам, але спартсмены рэгулярна сутыкаюцца з незразумелымі рашэннямі. Гэтак жа як шматлікім людзям да моманту публікацый на незалежных сайтах або гучных затрыманняў ад Следчага камітэта невядомыя факты парушэнняў у медыцынскай галіне, а затым гэта становіцца здабыткам грамадскасці. У Балбасаве некалі быў прыстойны стадыён, які адпавядаў колькасці насельніцтва ў гарадскім пасёлку. У мясцовай школе вучыцца 270 дзяцей. Ёсць і больш важныя, якія патрабуюць, здаецца, першараднай увагі аб'екты ў Аршанскім раёне, але грошы выдзелілі на балбасаўскі стадыён. І не проста на афарбоўку-падкітоўку.

Але гэта яшчэ дробязі. У Барані чыноўнікі з Віцебску і Менску палічылі сябе разумнейшымі за мясцовых спецыялістаў па стадыёне і, кажуць, жудасна абурыліся зазорамі на бегавой дарожцы, якая даўно ёсць на асфальце стадыёна. На дарожках з зазорамі гадамі трэніраваліся мясцовыя бегуны і мнагаборцы, але дзядзькі ў дарагіх касцюмах вырашылі, што гэта не тыя ўмовы. Так, не царскія, але і не спартанскія. А зазоры на дарожках такога тыпу — патрэбныя! Бо на сонцы гума пашыраецца. Але, мабыць, у прыезджых "рэвізораў" у школе з фізікай, а можа і хіміяй было ніякавата. Яны запатрабавалі, каб ніякіх зазораў не заставалася. У выніку, частка бегавой дарожкі пасля заладжвання зазораў і ўздзеяння прыродных умоў прыйшла ў непрыдатны стан. Па нашай інфармацыі, ёсць у спартыўнай дырэкцыі і планы па пэўнай рэканструкцыі стадыёна ў Барані. Калісьці гэта быў фактычна другі па ўзроўні стадыён у Беларусі, калі браць якасць футбольнага поля. Цяпер грунтоўны рамонт стадыёна ў Барані, быць можа, ідэя нядрэнная, аднак у горадзе да гэтай пары адсутнічае спартыўная зала. Можа, лепш пабудаваць яе? Пакуль гэта прапанова.

Тым больш футбольнага калектыву, які гуляе вышэй за лакальныя спаборніцтвы ў Барані няма, толькі на год з'явілася і зноў знікла каманда ў чэмпіянаце вобласці. А залай карысталіся б жыхары горада, а затым і стадыён бы да сваіх трэнаванняў падключылі. Думаецца, калі б чыноўнікі, якія зараз вырашаюць будучыню Барані, пажылі тут хоць бы месяц-два, то важнасць залы для горада ўсвядомілі б з усёй паўнатой. А пакуль гэта толькі спараджае новыя размовы аб неабходнасці сапраўднага мясцовага самакіравання, бо жыхарам Барані, якія бачылі лепшыя часы, хочацца самім вырашаць, у чым яны маюць патрэбу, а не бачыць тое, што для іх распісалі людзі з Віцебску і Менску, якія завіталі ў горад на пару гадзін.

А вось якраз стадыёна няма ў Бабінічах, дарэчы, па дарозе да рэзідэнцыі прэзідэнта. Там ёсць свае спартыўныя традыцыі і было б нядрэнна пабудаваць невялікі стадыёнык. Акрамя таго, у Вусці стадыён, на якім гулялі матчы першага чэмпіянату незалежнай Беларусі, і ў пачатку 90-х была вельмі прыстойная каманда, знаходзіцца ў жаласным стане. Не трэба думаць, што ўсё ідэальна ў раённым цэнтры. У Оршы "давялі да ручкі" стадыён ручных гульняў, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да Ільнокамбіната.

Зусім нядаўна ў першынстве Аршанскага раёна (без Оршы) удзельнічала больш за 20 каманд, нават падзеленых па лігах. І амаль у кожнай з гэтых каманд было прыдатнае для афіцыйных гульняў поле, за якое наўрад ці было сорамна. У тое ж Вусце прыязджала ветэранская каманда менскага "Дынама", тут, а таксама ў Барані праходзілі гульні Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. На любы сельскі стадыён вечарам мог прыйсці любы пацан і пастукаць мячом па варотах. Зараз усе школьныя стадыёны ў горадзе і раёне агароджаныя высокім плотам, а даступных палёў у дварах ўжо няма — там у лепшым выпадку дзіцячая пляцоўка з пясочніцы, горкай і арэлямі. У горшым — проста гаражы і аўтамабілі. Дзе згуляць у мяч? Сельскія і пасялковыя стадыёны, можна сказаць, знішчаны.

Ці варта здзіўляцца, што сёння ў чэмпіянаце Оршы не набярэцца і дзясятка каманд? А ў ранейшыя гады была не адна ліга, амаль кожны завод меў футбольны (а часта — і не толькі) калектыў. Футболам ўмела кіравалі такія людзі як Якаў Лапатухін, Сяргей Шынкевіч і іншыя. Прозвішчы Абрамаў, Котаў, Багусевіч, Кулік, Зімін многае гавораць для таго, хто гуляў ці цікавіўся футболам у Оршы. Дзякуючы ім праводзіўся добрага ўзроўню чэмпіянат горада, чэмпіянат раёна, рыхтаваліся футбалісты, самыя таленавітыя з якіх станавіліся гульцамі высокага ўзроўню, некаторыя нават прадстаўлялі Беларусь за мяжой. Але нават гэтая невялікая колькасць каманд, якая ёсць у гарадскім чэмпіянаце цяпер, кіраўніцтвам спартыўнай галіны Оршы не цэніцца. Даходзіла да таго, што на матч не прыходзілі нават асобныя футбалісты, якім забывалі патэлефанаваць перад гульнёй. У гэтым годзе першынство пачалося з вялікім спазненнем, а паглядзець вынікі, турнірную табліцу і каляндар бліжэйшых матчаў проста няма дзе, такая інфармацыя нідзе не публікуецца.

У якасці заключэння прапануем вам здымкі са стадыёна завода "Легмаш", на якім раней трэнавалася і рыхтавалася да гульняў чэмпіянату краіны футбольная каманда "Легмаш". Цяпер стадыён ўжо доўгія гады прастойвае, па ім скарачаюць дарогу да басейна, а пра стадыён нагадваюць толькі пражэктары і футбольныя вароты. На полі, якое яшчэ ў 90-я гады ўтрымлівалі ў парадку, сёння, у 2019 годзе не праводзяцца нават матчы чэмпіянату Оршы. Што будзе з гэтым і іншымі палямі горада і раёна? Няўжо ўсё незваротна сцягнуць?

P.S. Рэдакцыя Orsha.eu ўважліва сочыць за сітуацыяй і будзе знаёміць чытачоў з іншымі ацалелымі спартыўнымі аб'ектамі Аршаншчыны. Пафасныя словы пра важнасць развіцця спорту, асаблівага масавага, неабходна падмацоўваць рэальнымі дзеяннямі. Публікаваць вынікі і анонсы гульняў не толькі чэмпіянату Оршы па футболе, але і па іншых відах спорту ў інтэрнэце, трымаць у элементарным парадку палі, стадыёны і залы.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Што нарабілі са спортам?

Кіраўніцтва спартыўнай галіны ў Оршы не заўсёды разумее, што робіць. А прыезжыя чыноўнікі робяць выгляд, што разумеюць лепей.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение