Адкрыў сход - які прайшоў у чацьвер пры ўваходзе ў парк - яго ініцыятар Сяргей Пракапчук. Наўмысна ці выпадкова ён адразу задаў тон прэтэнзіяў да чыноўнікаў у сувязі з іх бяздзейнасцю, які адразу падхапілі прысутныя. І, варта адзначыць, прэтэнзіяў гэтых назбіралася шмат. Гэта апраўдана - прысутнічала шмат былых работнікаў Ільнокамбінату, якія самі высоджвалі тут дрэвы, выходзілі на суботнік па прыборцы, некаторыя і сёння, бывае, абкошваюць траву ў парку. Таму чым далей тым больш падвышаўся градус размовы і дзесці ў сярэдзіне многія ўжо зрываліся ледзь не на крык, абвінавачвалі ў наўмысным занядбанні парку чыноўнікаў, адміністрацыю прадпрыемства, камунальшчыкаў і, нават, БРСМ.
Прадстаўнікі камунальных службаў са свайго боку спрабавалі растлумачыць, - у такой не надта для іх прыемнай сітуацыі - што парк паступіў на баланс горада толькі ў студзені 2018 года. Паступіў у безгаспадарчым стане - Ільнокамбінат адмовіўся ад яго ўтрымання значна раней - і, нават, без патрэбных дакумантаў. Адпаведна і сродкаў на ўтрыманне парку не было вылучана. Тым не меньш, чыноўнікі спрабуюць яго даглядаць, як мінімум, пачалі абкос травы. На наступны год у іх запланаваны рамонт дарожак у парку, паляпшэнне асвятлення, абрэзка дрэваў і будаўніцтва прыбіральні.
Але людзі дабіваліся, каб работы па добраўпарадкаванні парку пачаліся раней. У выніку галоўнае пра што змаглі дамовіцца прысутныя - работы па добраўпарадкаванні парку па магчымасці распачнуцца яшчэ ў гэтым годзе, а пакуль не будзе стацыянарнай прыбіральні тут паставяць перасоўныя біяпрыбіральні. Сяргей Пракапчук на канец сустрэчы папярэдзіў, што ініцыятары сходу будуць адсочваць і далей сітуацыю з паркам і калі чыноўнікі не выканаюць сваіх абяцанняў, то будуць звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.