У інтэрнэце працягваецца абмеркаванне далейшай будучыні дома ў якім некаторы час жыў Уладзімір Караткевіч. Не так даўно пра Дом Караткевіча выказвалася пісьменніца і стваральніца некаторых музейных экспазіцыяў Паліна Сцепаненка. У эфіры Радыё "Рацыя" яна распавяла сваё бачанне якой магла б быць экспазіцыя ў новым музеі.
Цяпер на тэму экспазіцыі ў эфіры таго ж радыё выказаўся і вядомы мастак Ігар Куржалаў. Ігар Куржалаў аўтар мастацкага рашэння музейнай экспазіцыі сёняшняга музея Караткевіча, аўтар экспазіцыі Музея Сімяона Полацкага і музею беларускага кнігадрукавання ў Полацку, Дзяржаўнага музею тэатру і музыкі, музея гісторыі і культуры Наваполацка і асобныя экспазіцыі для музеяў у Мірскім замку, Паставах, Віцебску ды шмат іншага. Зараз мастак працуе над экспазіцыяй музея ў дуброўна. У інтэрв'ю Радыё Рацыі мастак заявіў, што канцэпцыю для дома Караткевіча ён мог бы зрабіць, нават, бясплатна, калі б была згода гаспадара.
Дом Караткевіча на вуліцы Караткевіча выкупіў бізнэсмэн Андрэй Балабін, але бачна, што далей ніхто не разумее, што з гэтым домам зрабіць. Менавіта таму, што ў Доме да гэтае пары не распачалося аніякіх працаў, дзеячы культуры па сваёй ініцыятыве публічна пачалі прапаноўваць свае ідэі па музейным выкарыстанні мемарыяльнага дому.