Ініцыятыва «Хвосцікі» з’явілася ў нашым горадзе толькі ў гэтым годзе, але пачала вельмі актыўна працаваць. Канчатковая мэта ініцыятывы: стварэнне ў Оршы паўнавартаснага прытулку для жывёлаў, а пакуль такога прытулку няма, то валанцёры сваімі сіламі дапамагаюць бадзяжнікам: лякуюць іх, падкормліваюць, апрацоўваюць ад паразітаў і кастрыруюць. Канешне, усё гэта вымагае вялікіх сродкаў. Некаторыя валанцёры трацяць на акцыі па падтрымцы жывёлаў амаль увесь заробак, а колькасць жывёлаў якім патрэбна дапамога значна большая за ўсе заробкі валанцёраў.
У сувязі з гэтым сетка крамаў Еўраопт пагадзілася дапамагчы валанцёрам — у цэнтральнай краме Еўраопта ў гандлёвым цэнтры «Орша-сіці» з’явілася скрыня для збору ахвяраванняў. На скрыне ёсць і адрас старонкі ініцыятывы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Там рэгулярна публікуюцца справаздачы па сабраных і патрачаных ахвяраваных сродках. Пазней такая ж скрынка з’явіцца ў Еўраопце па адрасе Чарнышэўскага, 4. Варт а дадаць, што збор ахвяраванняў для «Хвосцікаў» вядзецца таксама праз некаторыя ветэрэнарныя крамы, але там валанцёры просяць даваць не грошы, а рэчы, лекі і ежу для жывёлаў. У Еўраопце арганізаваць збор рэчаў, а не грошай не было тэхнічнай магчымасці.