Напярэдадні Калядаў, 21 снежня 2019 года ў аршанскім начным клубе "Баба-Яга" адбыўся канфлікт. Як паведамляў наш сайт, капітан Сакалоў ледзь не ўчыніў бойку з аховай начнога клуба, якая западозрыла яго, супрацоўніка Дэпартамента "Ахова", у з'яўленні ў грамадскім месцы ў алкагольным ап'яненні. Дэпартамент у пазнейшы час не апрылюдніў ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі ці абвяргалі стан капітана Сакалова. Наш сайт атрымаў паведамленні пра тое, што на відэа, апублікаваным у інтэрнэце, зняты не ўвесь канфлікт, што яго нібыта абрэзалі, каб выставіць вінаватым міліцыянта, а не ахову, ад якой Сакалоў быццам абараняў сваю жонку. Гаварылася ў ім і пра тое, што з дадзеным ахоўнікам гэта ўжо не першы падобны інцыдэнт. Аднак, калі наша рэдакцыя папрасіла прадаставіць падрабязнасці інцыдэнта на думку іншага боку канфлікту, падрабязнасцяў і версіі orsha.eu не атрымала.
Пасля гэтага інцыдэнту ўнутры міліцыі сталі праводзіцца разбіральніцтвы. Яны ўпісаліся ў рэчышча заяў міністра ўнутраных спраў Караева, які прыйшоў пасля Шуневіча і сказаў, што для яго неабходна павысіць прэстыж МУС. Сёння, 10-га студзеня, тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў інфармацыю са сваіх крыніц, паведаміўшы, што яшчэ 30-га снежня быў падпісаны загад пра звальненне капітана Сакалова са службы ў органах унутраных спраў.