Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў першыя дадзеныя нацыянальнага перапісу насельніцтва, які адбыўся ўвосень 2019 года. Пакуль што прыводзяцца толькі дадзеныя па колькасці насельніцтва, астатнія абяцаюць даць увосень 2020 года. Паводле афіцыйных дадзеных, насельніцтва нашай сталіцы, Менску, упершыню пераўзышло 2 мільёны чалавек. А менавіта 2 мільёны 18 тысяч 281 чалавек з насельніцтва Беларусі пражывае ў Менску. Усяго насельніцтва краіны складае 9 413 446 чалавек. Гэта на 41 тысячу меней, чым пры папярэднім перапісе.
Што датычыцца Віцебскай вобласці, да якой належыць і Орша, дык у нашай вобласці насельніцтва складае 1 135 731 чалавек. Яго змяншэнне працягваецца, бо раней было 1 164 554 чалавек. У цэлым па краіне захоўваецца, а дзе-нідзе павялічваецца дысбаланс жанчын і мужчын. 53,8% насельніцтва краіны складаюць жанчыны. Тут як ніколі пасуюць словы вядомай песні "Помтому что на 10 девчонок по статистике 9 ребят". Прычым у Віцебскай вобласці дысбаланс адзін з самых відавочных. Большая розніца толькі ў сталіцы. У нашай жа вобласці 54,1% супраць 45,9%.