Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь агучыла інфармацыю, згодна з якой 86 чалавек у краіне заражаныя вірусам COVID-19. Лекары праз сайт Мінздароўя нават папрасілі заставацца дома. Аднак толькі дзякуючы незалежным журналістам і пэўнай уцечцы інфармацыі з медычных установаў удаецца зразумець, у якіх гарадах ёсць выпадкі заражэння. Раней сярод гарадоў, дзе ёсць інфіцыраваныя, былі Менск, Віцебск, Гомель, Жыткавічы і некалькі іншых. Цяпер да спісу можна дадаваць і Оршу. Згодна з інфармацыяй, якая паступіла ў рэдакцыю нашага сайту ад сваякоў адной з заражаных, у нашым горадзе ўжо некалькі выпадкаў заражэння. Гаворка ідзе менавіта пра дыягназ, а не проста пра здадзеныя тэсты. Тэсты далі станоўчы вынік. Сваякі хворай кажуць, што ў выпадку далейшага замоўчвання хвароба можа запанаваць і нават выклікаць паніку сярод аршанцаў. Афіцыйныя ўстановы пакуль не пацвердзілі, што жанчына хворая менавіта на каранавірус.
Таксама паступіла інфармацыя ад медыкаў у паліклініцы Ільнокамбіната, яны паведамілі, што начальства адмовіла ім у медычных масках, якія абласныя чыноўнікі прапанавалі набываць за ўласны рахунак. Паводле папярэдняй інфармацыі, медычную ўстанову на Наватараў збіраюцца нават зачыніць на 14 дзён у сувязі з тым, што яе напярэдадні наведаў чалавек, які здаў станоўчы аналіз на каранавірус. Работнікі паліклінікі мусяць пайсці ў двухтыднёвы адпачынак, напісаўшы заявы аб адпачынку за ўласны кошт. Аднак нам стала вядома, што некалькі лекараў ужо адмовіліся рабіць гэта, у паліклініцы наспявае скандал.
У той жа момант ніякай актуальнай інфармацыі пра небяспеку каранавірусу па бальніцах і паліклініках горада не паведамляецца, але лекараў просяць казаць сваім пацыентам аб непажаданасці прыходу на прыём у бліжэйшы час з дзіўнай фармулёўкай "у сувязі з абвастрэннем сезонных хваробаў". Яшчэ далей пайшлі ў паліклініцы прывакзальнага раёна. Там таксама, згодна непацверджаных дадзеных, пабывалі хворыя на каранавірус людзі, цяпер не выключаецца варыянт закрыцця і гэтай установы.
У школах горада ўжо другі тыдзень назіраецца істотнае падзенне колькасці вучняў на занятках. Калі на мінулым тыдні прысутнічалі прыкладна 70% навучэнцаў, то на бягучым толькі каля 30%. Афіцыйная статыстыка, якую збірае Аршанскі аддзел адукацыі, скажа зусім іншыя і не такія нізкія лічбы. На ўмовах ананімнасці некалькі настаўнікаў паведамілі рэдакцыі Orsha.eu аб тым, што адміністрацыі іх школаў атрымалі ўказанні з гарадскіх і абласных устаноў адукацыі. Рэкамендацыі выключна вусныя і выражаюцца ў тым, што настаўнікаў настойліва просяць не ставіць у журнал усіх вучняў, якія адсутнічаюць, а запісваць толькі тую колькасць, якая не перавышае адсутных у звычайныя дні.
Рэдакцыя Orsha.eu падкрэслівае, што нават ва ўмовах татальнага замоўчвання ці прымяншэння дзяржаўнымі органамі і дзяржаўнай прэсай зафіксаваных фактаў заражэння каранавірусам у Беларусі, усё адно нельга паддавацца паніцы, якую спрабуюць справакаваць асобныя тэлеграм-каналы. Медыкі запэўніваюць: калі следваць усім неабходным рэкамендацыям, знізіць колькасць і частату кантактаў з іншымі людзьмі, займацца гігіенай цела і па магчымасці заставацца дома, можна пазбегнуць рызыкі заражэння каранавірусам. Таксама па магчымасці варта адкласці на пазнейшы час паездкі да сваякоў сталага веку, бо менавіта яны з’яўляюцца найбольш уразлівай групай насельніцтва перад малавывучаным вірусам.