Супрацоўнікам міліцыі забаранілі ўезд на тэрыторыю Віцебскай вобласці, а таксама выезд з яе. Як мінімум некалькі супрацоўнікаў міліцыі цяпер знаходзяцца на карантыне. У МУС заяўляюць, што абмежаванні на службовыя камандзіроўкі ўвялі не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Краіна, нягледзячы на ранейшыя запэўніванні пра тое, што "вірус гэта псіхоз", стаіць на парозе пастражэння ахоўных мераў.
У панядзелак стала вядома, што некалькі віцебскіх універсітэтаў разаслалі просьбы сваім іншагароднім студэнтам, у тым ліку аршанцам, паведамленні пра непажаданасць вяртання ў Віцебск з выходных.
Калі ж вяртацца да стану міліцыянтаў, дык афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава пракаментавала сітуацыю для tut.by:
- У цэлым па нашым ведамстве ўсе камандзіроўкі па абласцях рэкамендавалі выключыць. Выязджаць за межы свайго рэгіёну супрацоўнікі могуць у выпадку самай экстранай неабходнасці. І на сённяшні дзень ніхто з нашых супрацоўнікаў у камандзіроўкі ў іншыя рэгіёны фактычна не выязджае. Гэта робіцца ў эпідэміялагічных мэтах: для пазбягання кантактаў, прафілактыкі, недапушчэння вірусных захворванняў. Так, у Віцебскім рэгіёне ёсць супрацоўнікі, якія знаходзяцца на медыцынскім абследаванні. Але гэта не гаворыць пра тое, што ў іх каранавірус і што з-за гэтага мы абмежавалі ўезд і выезд у вобласць. У першую чаргу гэта эпідэміялагічны складнік.
Як бачым, пра міліцыянтаў паклапаціліся ў іным ведамстве. У той жа час большасць аршанскіх медыкаў не мае ўсіх неабходных рэчаў для працы ў такіх умовах. У школах пачаліся веснавыя вакацыі, іх маглі пачаць і раней, аднак улады адмянілі першапачатковае рашэнне аб закрыцці школаў з 23 сакавіка. Хаця з сярэдзіны сакавіка ў школах Оршы назіраецца істотнае зніжэнне колькасці вучняў. Адсутнасць сотняў дзяцей на занятках кіраўніцтва школаў тлумачыць "сезоннымі віруснымі захворваннямі", пры гэтым афіцыйна пра каранавірус ніхто не заяўляў.
Паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя, якія не абнаўляліся трое сутак і толькі ў панядзелак былі названыя новыя лічбы, у Беларусі 152 выпадкі захворвання на каранавірус.