Каранавірус працягвае ўплываць на спалучэнні. У сувязі з паведамленнем ААТ «РЖД» на падставе рашэння Расспажыўнагляду з 5 красавіка 2020 года часова адмяняецца курсаванне наступных цягнікоў:
№ 2/1 Менск-Масква адпраўленнем з Менску з 5-га красавіка, з Масквы з 6 красавіка;
№ 52/51 Берасце/Менск-Санкт-Пецярбург, адпраўленнем з Берасця з 5 красавіка, з Санкт-Пецярбурга з 6 красавіка.
Нявыкарыстаныя праязныя дакументы на адмененыя цягнікі можна вярнуць у білетных касах без збірання дадатковых плат і збораў. Вяртанне грашовых сродкаў будзе адбывацца на падставе праязных дакументаў (білетаў). Тэрміны вяртання праязных дакументаў не абмежаваныя. Вяртанне праязных плацяжоў па электронных праязных дакументах ажыццяўляецца праз інтэрнэт-рэсурс, на якім быў набыты праязны дакумент. У РЖД просяць пасажыраў з разуменнем паставіцца да сітуацыі, якая склалася.
Аб аднаўленні міжнароднага пасажырскага чыгуначнага спалучэння будзе абвешчана дадаткова, гаворыцца на сайце БЧ.