Кожную вясну па многіх каналах ідзе папярэджанне: выпал сухой травы не толькі не карысны, але і вельмі шкодны, і небяспечны. Але вясна - перыяд сезонных абвастрэнняў.
Сайт абласной лясной гаспадаркі паведамляе пра пажар, які патэнцыйна мог знішчыць мястэчка Асінторф. Нехта запаліў траву на сваім участку, сухое надвор'е і вецер зрабілі сваю справу - вагонь вельмі хутка стаў некантраляваным, перакінуўся спачатку на суседскія ўчасткі, а потым і на будынкі на гэтых участках.
Вецер не сціхаў і вагонь распаўсюджваўся далей настолькі хутка, што мясцовыя пажарныя справіцца з ім ужо не маглі. На дапамогу ратавальнікам прыйшлі супрацоўнікі мясцовага лясніцтва. Нехта заліваў траву вадой, нехта араў абарончую лінію вакол пажару, каб не даць яму распаўсюдзіцца далей і перакінуцца на жылыя дамы вёскі.
У выніку пажар удалося перамагчы, але некалькі гаспадарчых будынкаў размешчаных на агародах мясцовых жыхароў усё ж згарэла.
Не так даўно з-за выпалу травы ў Гродненскай вобласці амаль цалкам згарэла вёска, пажыры выкліканыя выпалам травы кожны год забіраюць жыцці, наносяць страты, якія вылічваюцца мільёнамі рублёў. Але кожны год знаходзяцца тыя, хто ўсё адно падпальваюць мінулагоднюю траву.