Афіцэр міліцыі Дзмітрый Вішнеўскі, які нясе службу ў Оршы, трапіў на «радары» вядомай украінскай службы «Миротворець», якая перапісвае асобаў, якія наўпрост ці ўскосна дапамагаюць баевікам на ўсходзе Украіны. Так званыя «сепаратысты», якія на расейскія грошы ваююць у акупаваных частках Украіны, у выпадку арышту на падкантрольнай тэрыторыі атрымліваюць вялікія прысуды за дзейнасць супраць цэласнасці дзяржавы. Пра ўскосную дапамогу некаторых беларускіх сілавікоў узброеным злачынцам на Данбасе было вядома даўно, але цяпер з’явіліся й больш доказаў. Упершыню ў базу даных «Чысцец» Цэнтра даследавання прыкметаў злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, міру, бяспекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку «Міратворац» занесенае імя дзейнага афіцэра міліцыі Рэспублікі Беларусь.
Ім стаў маёр міліцыі Вішнеўскі Дзмітрый Дзмітрыевіч — начальнік інспекцыі па справах непаўнагадовых (ІСН) міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў Аршанскага райвыканкама. У базе даных «Чысцец» прафайл на яго створаны 25 лютага 2020 года. У прафайле «Міратворац» падаў асабістыя і кантактныя дадзеныя, фотаздымкі Дзмітрыя Вішнеўскага, яго выяўленыя акаўнты сацыяльных сетак, а таксама надаў дзейнаму афіцэру міліцыі МУС Беларусі азначэнні і прычыну занясення ў сваю базу дадзеных: «датычны да надання фінансавай дапамогі на карысць параненых баевікоў незаконнага ўзброенага фармавання (НУФ) «ДНР» шляхам пералічэння сродкаў на карысць так званага «Первого военного госпиталя „ДНР“», піша ў сваім расследванні газета «Новы Час».
На просьбу пракаментаваць інфармацыю Цэнтра «Міратворац» кіраўніцтва ўпраўлення па Віцебскай вобласці Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС РБ у сваім адказе «Новаму Часу» пазначыла, што гэтыя звесткі пацвярджэння не знайшлі.
«Новы Час» звязаўся непасрэдна з Дзмітрыем Вішнеўскім, аднак ён адмовіўся даваць каментары і параіў звяртацца да прэс-службы УУС Віцебскага аблвыканкама.
Кіраўнік Цэнтра «Міратворац» Раман Зайцаў на запыт «Новага Часу» пацвердзіў сапраўднасць звестак у дачыненні да Дзмітрыя Вішнеўскага, пададзеных на аднайменным сайце ў раздзеле «Чысцец». Апроч гэтага, у Цэнтры паведамілі, што з меркаванняў бяспекі крыніцаў, частка інфармацыі пра датычнасць афіцэра беларускай міліцыі да надання фінансавай дапамогі параненым наймітам і баевікам незаконных узброеных фарміраванняў «Л/ДНР» праз пералічэнне сродкаў «Первому военному госпиталю ДНР» закрытая для публічнага доступу і можа быць нададзеная толькі паводле запытаў праваахоўных органаў Украіны або дзяржаваў-чальцоў NATO.