За апошнія гады мы прывыклі да летняй спёкі і сталі ўспрымаць яе як належнае. Але чэрвень гэтага года паказаў, што гэта далёка не так. Амаль восеньская прахалода, частыя, але нямоцныя дажджы - вось атрыбуты першага летняга месяца ў Оршы ў гэтым годзе. Самы халодны дзень выдаўся 22 чэрвеня, калі тэмпература ноччу склала ўсяго 2,5 градуса, ды і днём паветра не прагрэлася вышэй за +15. Такая тэмпература прыкладна на 7 градусаў ніжэй чэрвеньскай нормы.
Прычына прахалоднага надвор'я - трапасферная лагчына, якая працягнулася з Арктыкі на краіны Балтыі, Беларусь і заходнія вобласці Еўрапейскай часткі Расіі. Такога роду працэсы былі частымі ў летні час у 1970-я - першай палове 1980-х гадоў. Але мы пра іх ужо паспелі забыцца.
Як паказваюць разлікі сусветных цэнтраў надвор'я, у бліжэйшы час кардынальных змен у надвор'і чакаць не варта. 24 і 25 чэрвеня на большай частцы тэрыторыі пройдуць невялікія дажджы. У аўторак тэмпература ноччу +7 +10, днём +13 +16, вецер паўднёва-заходні, умераны. У сераду ноччу +6 +9, днём +14 +17, вецер паўночна-заходні, умераны. У чацвер 26 чэрвеня без ападкаў, вецер пераменных напрамкаў, слабы. Тэмпература паветра ўначы +6 +9, днём +17 +20.
Паводле папярэдніх разлікаў, пацяпленне можна чакаць з надыходам ліпеня.