У Беларусі па-ранейшаму цэнтралізавана не паведамляецца статыстыка па сітуацыі з каранавірусам у рэгіёнах. Агульныя звесткі ці нават лічбы гучаць толькі з вуснаў чыноўнікаў, хоць і рэдка. Таксама статыстыка часам з'яўляецца ў раённых дзяржаўных выданнях. "Аршанская газета" паведамляе, што ў раёне "выяўленне новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі знізілася і знаходзіцца на ўзроўні красавіка". Адзначаецца зніжэнне колькасці пнеўманій. Але лічбы не называюцца. Па стане на 21 ліпеня ў Аршанскім раёне было праведзена 14,5 тысячы тэстаў на каранавірус і больш за 3400 экспрэс-тэстаў. Акрыялі і выпісаны з бальніц 1583 чалавекі. У раёне жыве каля паўтары сотні тысяч чалавек. Атрымліваецца, што, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, перахварэў кожны соты. Пры гэтым невядома, колькі чалавек там яшчэ хварэе і колькі памерла.
Напярэдадні пра сітуацыю з каранавірусам у рэгіёнах выказаўся міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, яна "усюды кіраваная", фіксуецца "стабільнае зніжэнне колькасці хворых". Пры гэтым 22 ліпеня ў нашай краіне зноў павялічылася колькасць новых выпадкаў заражэння каранавірусам.
Паводле інфармацыі Orsha.eu, атрыманай з крыніц у аршанскіх медчных установах, сітуацыя не выглядае настолькі станоўчай і такога ўстойлівага зніжэння няма. У бальніцы ім.Сямашкі ўжо няма падзелу на "каронавіруснае" і іншыя аддзяленні, але дзейнічаюць строгія захады сакрэтнасці, плюс, як сведчыць непацверджаныя звесткі, людзям нярэдка ставяць іншыя дыягназы, нават у выпадку станоўчага тэсту на каронавірус.