Жыхарка Оршы пазбавілася 3000 рублёў сваіх грошай і ашчаджэнняў пажылой маці пасля званка інтэрнэт-махляроў. Яшчэ адна аршанка страціла 400 рублёў па аналагічнай прычыне. Днём 26 жніўня, практычна ў адзін час, абедзьвум жанчынам паступілі званкі ад нібыта прадстаўнікоў службы бяспекі банкаў. Суразмоўцы распавялі, што з банкаўскіх рахункаў аршанак невядомыя зламыснікі спрабуюць скрасці грошы. Каб адбіць атаку «хакераў», ашуканцы папрасілі паведаміць ім коды, што прыйшлі на мабільныя тэлефоны пацярпелых. Даверлівыя жанчыны паведамілі асабістыя дадзеныя і ў лічаныя секунды пазбавіліся сваіх зберажэнняў.
У прыватнасці, 33-гадовая жыхарка Оршы пазбавілася 400 рублёў, а 43-гадовая — больш за 3000. Гэта былі не толькі яе асабістыя зберажэнні, але і некалькі пенсій пажылой маці, якія тая захоўвала на рахунку ў дачкі. У дачыненні да махляроў распачатыя крымінальныя справы, паведамілі ў прэс-службе УУС Віцебскага аблвыканкама.
Дадамо, што жыхары Оршы апошнім часам вельмі часта становяцца ахвярамі інтэрнэт-ашуканцаў, нягледзячы на частую згадку такіх фактаў у СМІ. У адным толькі чэрвені ад дзеянняў кібермахляроў пацярпелі 20 жыхароў Оршы: яны страцілі ў агульнай суме 3405 рублёў. Месяцам пазней на хітрыкі злачынцаў трапіліся ўдвая больш гараджан: у 37 аршанцаў падманам выманілі 7246 рублёў. Часцей за ўсё злачынцы называліся супрацоўнікамі банкаў, якія запытвалі ў сваіх ахвяр асабістыя дадзеныя і рэквізіты банкаўскіх картак. У частцы выпадкаў для падману аршанцаў выкарыстоўваліся фішынгавыя сайты.