"Цудоўная крама", якая знаходзцца на Молакава 5 - адна з тых якія гандлююць нацыянальнай атрыбутыкай. Такія крамы былі амаль ва ўсіх буйных гарадах, але перад выбарамі на іх па чарзе адбываліся наезды і ў выніку некаторыя з іх былі зачыненыя. Аршанская крама пры гэтым работала даволі стабільна. Але 2 кастрычніка ў "Цудоўную краму" прыйшлі адначасова супрацоўнік МНС з праверкай і фінансавая міліцыя з вобшукам. Фармальная прычына візіту - падазрэнне ў нясплаце падатку ўладальнікам крамы і рэдактарам нашага сайта Ігарам Казмерчаком.
У прынцыпе гэта ўжо стала традыцыяй, каб у сярэднім раз у пяць гадоў Ігар Казмерчак быў сведкам або падазраваным у нейкай крымінальнай справе. Не выключэнне і гэты выбарчы год. У выніку вобшуку, які на 15-ці крамных квадтратных метрах ішоў амаль 6 гадзін, міліцыянты забралі фінансавыя дакуманты і асабісты ноўтбук. Як мяркуе сам Казмерчак, менавіта за ноўтбукам міліцыянты, бачна, і прыходзілі - астатняе чыстая фармальнасць, бо фінансавых парушэнняў крама ніколі не дапускала.
Праўда, знайшліся і дробныя падставы для складання пратакола за парушэнне правілаў гандлю, але гэта тая дробязь якую можна знайсці амаль у кожным гандлёвым аб'екце. У панядзелак справа працягнецца - будзе зразумела ці вернуць тэхніку і дакуманты, бо на гэты дзень Ігара выклікаюць для дачы тлумачэнняў. А пакуль крама працуе ў звычайным рэжыме з 11-00 да 19-00 на другім паверсе Молакава 5.