00:00

+1

3 м/с

1009 гПа

03:00

+1

2 м/с

1009 гПа

06:00

+0

2 м/с

1009 гПа

09:00

+0

3 м/с

1009 гПа

12:00

+4

3 м/с

1009 гПа

Орша, Палітыка

Успамінаючы Лепяшынскага

10.10.2024 15:07

570 праглядаў, 0 каментароў

Панцеляймон Лепяшынскі пакінуў заўважны след у гісторыі Воршы.

30 верасня споўнілася 80 гадоў з дня смерці вядомага бальшавіцкага рэвалюцыянера, педагога і пісьменніка Панцеляймона Лепяшынскага. Ягонае імя сёння ўжо добра забытае, але для аршанцаў гэтая асоба павінна мець вядомасць, як бы да яе ні ставіліся. Між іншым. гэта аўтар першых бальшавіцкіх карыкатур! У тым ліку на самога Леніна.

Будучы рэвалюцыянер і дзяржаўны дзеяч нарадзіўся ў 1868 годзе ў сям’і святара ў Студзянцы ў сённяшнім Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне. Затым сям’я пераехала ў Рагачоўскі павет.

Цікава, што аднойчы бунтоўныя сяляне разрабавалі сядзібу мясцовага пана, якога пракамуністычныя гісторыкі называлі «польскім». Пан уцёк, пра ягоную працу расказвалі як пра прыгнёт. У той жа момант ухіліста казалі пра прыгнёт расейскі, часткай якога, напэўна, міжволі, так ці іначай з’яўляўся бацька Панцеляймона Лепяшынскага. Як вядома, праваслаўныя святары Маскоўскага партыярхату бралі ці ня сама чынны ўдзел у русіфікацыі і запрыгоненні беларускага сялянства. Сімвалічна, што ўлада бальшавікоў, за якую так змагаўся Лепяшынскі, ператварыла царкву, у якой служыў ягоны бацька, на склад для збожжа.

Панцеляймон адправіўся ў Магілёўскую гімназію, пасля паступіў у Імператарскі Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, дзе ўзначаліў беларускае зямляцтва. Там сама ён навучыўся маляваць, захавалася некалькі нацюрмортаў, пейзажаў, карыкатур і партрэтаў. Вельмі любіў шахматы, граў на музычных інструментах. Але неўзабаве Лепяшынскага выключылі за «народніцтва» і рэвалюцыйныя ідэі.

Асвету Лепяшынскі не спыніў. У 1891 годзе здаў выпускныя іспыты экстэрнам у Імператарскім Кіеўскім універсітэце святога Уладзіміра і атрымаў дыплом настаўніка. У 1894 годзе ўзначаліў марксісцкі гурток у Санкт-Пецярбургу. У снежні 1895 году быў арыштаваны разам з іншымі за ўступленне ў «Саюз змагання за вызваленне працоўнага класу», які заснаваў Уладзімір Ульянаў (Ленін), і сасланы на 3 гады ў Енісейскую губерню (сяло Ермакоўскае). Друкаваў артыкулы ў газетах «Сібірскае жыццё» і «Енісей».

У гэтай падпольнай арганізацыі Лепяшынскі сустрэў сваю будучую жонку, у дзявоцтве Пратапопаву, якая паехала за ім у ссылку. У 1898 годзе ў Менску заснуюць РСДРП (Расейскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю), і Панцеляймон уступіць у яе, за што зноў паедзе ў ссылку ад царскіх уладаў. Там ён будзе нелегальна распаўсюджваць марксісцкую газету «Іскра», якую Ленін пачне выдаваць у нямецкім Мюнхене.

А неўзабаве жонка дапаможа мужу зладзіць пабег з ссылкі. Тады шмат хто з чырвоных рэвалюцыянераў, у тым ліку Сталін са Свердлавым, уцякалі са ссылак. Ужо пасля смерці Лепяшынскага, што будзе праз шмат гадоў, Вольга Лепяшынская зробіць сабе кар’еру ў біялогіі і атрымае за работы Сталінскую прэмію.

У 1903 годзе Лепяшынскі возьме ўдзел у ІІ З’ездзе РСДРП, які пройдзе ў бельгійскім Бруселі. Ён далучыцца да фракцыі бальшавікоў, значыць, зноў падтрымае Леніна. Пра палітычныя заявы сваёй жонкі на кухні Лепяшынскі ў прысутнасці таварышаў па партыі адгукаўся дастаткова жорстка і бесцырымонна, заяўляючы, што яна нічога не цяміць у палітыцы і вярзе бязглуздзіцу.

У 1905 Лепяшынскі пачне супрацоўнічаць з бальшавіцкай газетай «Наперад», якая выдавалася ў швейцарскай Жэневе. У тым самым годзе, калі стала магчымым вяртанне ў Расейскую імперыю, Лепяшынскі прыехаў у Екацярынадар (сёння Дніпро, Украіна). Там ён працаваў у бальшавіцкай партыйнай суполцы. У 1907 Панцеляймон вярнуўся на радзіму ў Беларусь, пераехаў у Воршу, каб выкладаць матэматыку ў Рэальнай вучэльні (сёння 2-я гімназія, раней сярэдняя школа № 1).

На Аршанскім чыгуначным вузле аднавіў суполку РСДРП. У 1909 годзе ўладкаваўся ў статыстычнае бюро Маскоўскай гарадской управы і ўвайшоў у бальшавіцкую літаратурную групу. У 1916 годзе вярнуўся ў Воршу. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году стаў гарадскім галавою Воршы. Кіраваў партыйнай арганізацыяй Воршы ў час Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Пазней стаў пісьменнікам, пісаў аповесці і драмы. У 1922 годзе выдаў у Петраградскім дзяржаўным выдавецтве кнігу ўспамінаў «На павароце». Кніга перавыдавалася тры разы.

У апошнія гады ён працаваў у Маскве, быў дырэктарам музэю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У верасні 1944 году скончыў раман «Борьба и творчество», які пісаў каля 20 гадоў. У тым жа годзе і памёр.

Імем Лепяшынскага названая вуліца ў Воршы ў раёне Раніцы. У Ліцвінавічах Кармянскага раёну, былога Рагачоўскага павету, дзе жыла сям’я Панцеляймона Лепяшынскага, ёсць ягоны музей. У 1986 годзе рэжысёр Валеры Панамароў зняў на кінастудыі «Беларусьфільм» мастацкую тэлекарціну «Нецярпенне душы» пра стварэнне Лепяшынскім школы-камуны ў Ліцвінавічах. Гэтая школа першай на абшары адмовілася ад фізічнага пакарання вучняў. Многія ягоныя напрацоўкі сталі часткай савецкай сістэмы адукацыі. Школу № 1 Воршы назвалі імем Лепяшынскага.

Пахаваны Лепяшынскі ў калумбарыі Навадзевічых могілак у Маскве.

Кірыла Заблоцкі

Іншыя публікацыі аўтара:

100 гадоў без Леніна

Крывавы кіраўнік УЦВК

Транзіт «Усесаюзнага старасты»

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Успамінаючы Лепяшынскага

Панцеляймон Лепяшынскі пакінуў заўважны след у гісторыі Воршы.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение