15:00

+2

4 м/с

967 гПа

18:00

+1

5 м/с

967 гПа

21:00

-1

6 м/с

968 гПа

00:00

-0

7 м/с

971 гПа

03:00

-1

7 м/с

975 гПа

Беларусь, Палітыка

Блог. Крывавы кіраўнік УЦВК

18.03.2024 07:30

1488 праглядаў, 0 каментароў

16 сакавіка быў юбілей смерці Свердлава.

Гэты палітычны дзеяч пайшоў з жыцця самым першым сярод «бонзаў» бальшавіцкай партыі, якія ў 1917 учынілі пераварот. Многія гісторыкі пагаджаюцца з тым, што калі б ён пражыў болей, то хутчэй за ўсё ўзначаліў бы Савецкую дзяржаву, і тады не было б сталіншчыны. Але ці было б ад гэтага лягчэй народу?

У сакавіку 1919 году многія палымяныя бальшавікі не маглі паверыць надрукаванаму ў газетах — іх любімы таварыш Свердлаў больш не жыве! Зацяты змагар за ўсясветную пралетарскую рэвалюцыю, баец бальшавіцкага фронту, моцны ідэолаг і праваднік камуністычных ідэй Якаў Міхайлавіч (Маісеевіч) Свердлаў (часта ўжываецца іншы націск у прозвішчы — Свярдлоў) памёр у сваёй маскоўскай кватэры, службовай, якую займаў у Крамлі. Дык як такое сталася? Чалавек, які пераплываў ледзяную раку, трапляў у турмы і высылкі. Той, хто агулам у зняволенні правёў больш за 12 гадоў і арыштоўваўся ў суме каля 20 разоў. І не хварэў.

Свердлаў быў адной з галоўных асоб у дзяржаве, а менавіта старшынёй Усерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту, выконваючым абавязкі старшыні Савету народных камісараў, старшынёй Сакратарыяту ЦК РКП (б). Да гэтага ўраджэнца Ніжняга Ноўгараду прывяла доўгая падпольная дзейнасць супраць царскай Расеі. Уладзімір Ленін пазней успамінаў, што Свердлаў быў настолькі таленавітым арганізатарам, што выконваў агромністы вал абавязкаў. Пасля ягонай раптоўнай смерці ў Савецкай краіне стварылі ажно тры ведамствы, якія здолелі «пацягнуць» усё тое, чым займаўся адзін Свердлаў. Ленін нават жартаваў, што варта яму з Львом Троцкім запланаваць нейкую справу і патэлефанаваць Свердлаву, як той адкажа, што ўжо ўсё зрабіў.

Ён ніколі не стамляўся, не прасіў перадышкі, пастаянна працаваў, выступаў і заклікаў. Заклікаў у тым ліку паквітацца з «ворагамі рэвалюцыі». У гэтым плане ён быў няўхільным і прынцыповым. Менавіта Свердлаў стаў адным з арганізатараў і натхняльнікаў «чырвонага тэрору». Яшчэ ў 1917-м, калі бальшавікі ўчынілі ў Петраградзе пераварот, Свердлаў з высылкі прыехаў у тагачасную сталіцу Расейскай імперыі на цягніку і адразу далучыўся да Леніна, падтрымаў яго. Ільіч не забыў унёсак Якава ў «справу рэвалюцыі», і з таго моманту падпольшчык з Уралу стаў заўважнай постаццю. З Уралу, бо пасля ніжагародскіх спраў Свердлаў шмат часу правёў менавіта там, тым больш неаднаразова арыштоўваўся. Калі Свердлаў увойдзе ў вышні партыйны апарат, ён забярэ з сабой у Маскву і расставіць на розныя пазіцыі людзей, якіх знаў яшчэ па Урале.

Свердлаў меў фенаменальную памяць. Ён запамінаў чалавека з першага погляду і тым шакаваў яго. Калі ў Маскве ён сустракаў нейкага бальшавіцкага ці рабочага дзеяча з глыбінкі, ён часцяком імгненна мог прыгадаць прозвішча чалавека, з якім бачыўся адзіны раз да гэтага шмат гадоў таму. Суразмоўцы здзіўляліся такой памяці і ўважлівасці Свердлава, дзякуючы чаму ягоны аўтарытэт павышаўся яшчэ больш. У заходняй прэсе нярэдка менавіта Свердлава малявалі як кіраўніка Савецкай дзяржавы. Адукаваны і абазнаны ў замежных мовах Ленін не мог гэтага не заўважыць.

Сталіна Свердлаў не любіў. Яны пазнаёміліся тады, калі разам адбывалі высылку. Сталін быў вельмі неахайным у побыце, а Свердлаў, чыя сям’я, дарэчы, паходзіла з Полацку (вось і сувязь Свердлава з Беларуссю!), быў схільны да беражлівасці, ашчаднасці і чысціні. З такой увагай, з якой ён складаў картатэкі асоб, каб потым рэкамендаваць кагосьці на пэўную пасаду, ён вёў і гаспадарку. Сталіну такая «бель» не падабалася, і ён завёў сабаку, якога клікаў Яшкам. Здзекуючыся са Свердлава, ён у ягонай прысутнасці часта наказваў сабаку вылізаць талеркі.

Сапсаваліся і адносіны Свердлава з Леніным. Па меры ўмацавання бальшавікамі сваёй улады ў Якава прачнулася тая ж неўтамавальная прага першынства, якая была і ў Леніна. Адна з версій кажа, што менавіта Свердлаў стаў замоўцам замаху на Ільіча 30 жніўня 1918 году на заводзе. За стрэл пазней расстралялі эсэрку Фані Каплан. Насамрэч, Каплан мела вельмі кепскі зрок, і цяпер існуе версія, што яна проста стала ахвярай абставінаў, і ні ў кога не страляла. Але яна была знаёмай сястры Свердлава, што магло падштурхнуць Леніна да думкі аб датычнасці таварыша Яшы да справы.

Пакуль Ленін лячыўся, Свердлаў займаў ягоны кабінет і працаваў там з паперамі, вёў паседжанні. Выглядае на тое, што ён не бачыў сабе канкурэнтаў на першую пасаду. Хадзіў Свердлаў у скураной куртцы, якую ўвёў у моду сярод бальшавікоў, і якую таксама насіў Фелікс Дзяржынскі.

Урэшце, паводле адной з версій, якая так сама, як і папярэднія, не мае дакументальнага пацверджання, якраз Ленін і звёў Свердлава на той свет. Надта хутка бясстрашны камісар сканаў. Ці не дапамог яму «правадыр сусветнай пралетарскай рэвалюцыі», выбіваючы сабе адзінаасобную ўладу?! Тым болей за некалькі гадзін да смерці Свердлава Ленін наведаў яго ў кватэры і нешта яму казаў. Калі б Якаў Міхайлавіч сапраўды падхапіў грып «іспанка», пра які сведчыць адна з асноўных гіпотэз смерці, ці прыходзіў бы асцярожны Ленін? Усё-ткі ад «іспанкі» памерла не адна тысяча чалавек у тыя гады. Ды і ў партыі ніхто больш на яе не хварэў, гэта пры тым, што Свердлаў да апошняга дня актыўна працаваў і прысутнічаў у Крамлі на ўсіх пасяджэннях. Працаваў ён і ў дзень смерці.

Яшчэ адна версія кажа пра тое, што Свердлава моцна пабілі рабочыя на заводзе ў Арле. Маўляў, яны прасілі павялічыць бонды, каб пракарміцца самім і накарміць уласныя сем'і, а знаны бальшавік замест стварэння рэальных бытавых умоў пачаў гаварыць сваім знакамітым гучным голасам, мацнейшым і больш пераканаўчым за ленінскі і ўсе астатнія, пра Камуністычны Інтэрнацыянал і пажар усясветнай рэвалюцыі. Нібыта за гэта Свердлава ці то пабілі, ці то закідалі камянямі і дошкамі, пасля чаго ён ледзь забраў адтуль ногі і на цягніку пераправіўся ў Маскву, дзе і памёр. Але гэтую прыгожа збудаваную версію смерці абвяргаюць архіўныя дакументы і некаторыя сведкі, якія гавораць пра тое, што Свердлаў да апошняга працаваў у Крамлі і ні з якой паездкі да смерці пабітым не вяртаўся. Хаця паездак і агітацыйных выступленняў у яго было шмат.

Свердлаў стаў першым бальшавіком найвышэйшай рангі, які памёр пасля перамогі перавароту ў кастрычніку 1917. Яго пахавалі каля Крамлёўскай сцяны, запачаткаваўшы, такім чынам, бальшавіцкую традыцыю ператварэння Краснай плошчы ў могілкі камуністычных лідэраў.

Калі б Свердлаў прыйшоў да ўлады, то гэта была б, праўдападобна, не менш крывавая за Сталіна палітыка. Менавіта Свердлаў спрычыніўся да расстрэлу імператарскай сям'і пад Екацярынгбургам, які пасля ўжо ягонай смерці назавуць Свярдлоўскам. Менавіта Свердлаў раздаваў бязлітасныя ўказанні падначаленым знішчаць, расстрэльваць, выганяць з месцаў нязгодных з бальшавіцкім рэжымам.

Пасьля скону Свердлава ў гонар гэтага невялікага целам, але моцнага здароўем і голасам, бальшавіка назвалі сотні школаў, установаў, гарадоў, вуліц і гэтак далей. Дагэтуль, праз 105 гадоў пасля смерці, ёсць вуліца Свердлава ў Воршы. Гэта былы Загарадны праспект. Тым, хто ацэньвае беларускую гісторыю з беларускага ж боку, а не з боку бальшавіцкай ці расейскай ідэалогіі, відавочна, што ўшаноўваць імя крывавага ката ў Воршы недарэчна. Прыйдзе час, і вуліца павінна атрымаць іншае імя. Загарадным праспектам яе зноў назваць ужо нелагічна — горад за гэтае стагоддзе разросся значна, але і пакідаць імя Свердлава ніяк нельга. Яны не лічыліся з чалавечымі жыццямі, яны бачылі толькі сваю ўладу. Яны вельмі хутка паказалі, што такое бальшавізм. А потым сталі есці самых сябе. Так адбылося з адным з братоў Якава Свердлава — Веніямінам, якога ў 1938 годзе расстралялі як «трацкіста» ўжо пры Сталіне.

Кірыла Заблоцкі

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Блог. Крывавы кіраўнік УЦВК

16 сакавіка быў юбілей смерці Свердлава.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение