Хлопца затрымалі яшчэ на мінулым тыдні, склалі адміністрацыйны пратакол за «распаўсюд экстрэмізму» па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. 9 лютага яго справу разбірала суддзя Юлія Вяршыніна, працэс адбываўся ў памяшканні Аршанскага РАУС. У выніку Аляксея Сукорскага асудзілі да арышту на 7 сутак. Што стала нагодай для складання пратакола, пакуль не вядома.
Пад увагу сілавых структур хлопец трапіў яшчэ ў 2018 годзе. Тады падставай для судовага разбору стаўся інцыдэнт, які здарыўся на аршанскім стадыёне падчас матчу паміж футбольнымі камандамі Оршы і Ліды. Дзяжурныя міліцыянты заўважылі на шапцы Аляксея Сукорскага нашыўку з надпісам «A.C.A.B.». Супрацоўнікі міліцыі вырашылі, што гэтая абрэвіятура — скарочаны абразлівы выраз на адрас «калег» («All Cops Are Bastards» у перакладзе азначае «Усе копы — вырадкі»). Гэтае выслоўе нарадзілася, калі паліцыянты разганялі страйкі брытанскіх шахцёраў, якія пратэставалі супраць нізкіх заробкаў. Яно часта выкарыстоўваецца на татуіроўках, у тым ліку футбольнымі фанатамі.
Аляксея Сукорскага затрымалі. У яго дома правялі ператрус, а потым судзілі. У выніку хлопец двое сутак правёў пад вартай, а судовы разбор скончыўся штрафам за непадпарадкаванне міліцыянтам – яны сцвярджалі, што падчас затрымання Сукорскі хацеў ад іх уцячы.
Што да нашыўкі з літарамі, то надпіс «A.C.A.B.» быў прызнаны «экстрэмісцкім» у 2019 -м, і яшчэ раз – у 2021-м годзе.