Аршанскі завод «Лягмаш» з’яўляецца важным звянгм ланцужка вырабу зброі для расейскага войска, і гэтыя набоі затым лятуць разбураць мірныя гарады Украіны. Доказы гэтага знайшлі былыя беларускія сілавікі, якія ў 2020-м ці да таго пакінулі службу, заявілі пра непрыманне Лукашэнкі ў кіраўніцтве дзяржавы і заснавалі сваю арганізацыю BelPol.
Паводле расследавання, БелАЗ, БМЗ, БАТЭ і яшчэ шэраг беларускіх прадпрыемстваў вырабляюць снарады для расейскіх РСЗА «Град», якімі потым расейскія акупанты абстрэльваюць Украіну.
Свой удзел мае і аршанскі «Лягмаш», які ўваходзіць у сістэму з Беларускім металургічным заводам у Жлобіне. Спачатку на самім БМЗ робяць горача дэфармаваныя трубы і іхную загартоўку. Затым прадукцыя ідзе на халодную апрацоўку на «БазЦьюб». У Воршы трубы праходзяць канцавую апрацоўку, ну, а ўжо з «Лягмашу» трапляюць на Завод дакладнай электрамеханікі. І ўжо адтуль гатовая прадукцыя ідзе на фінальную зборку на расейскае прадпрыемства «Сплав».
Работнікаў «БазЦьюб» часова нават пераводзілі на «Легмаш», а ў афіцыйным дакуменце пазначалася, што гэта робіцца дзеля стварэння «спецыяльных вырабаў». За 2023 год колькасць работнікаў на заводзе павялічылася на 275 чалавек, ці на 165%. Грошы на прадпрыемства прыйшлі пераважна з расейскага крэдыту, а вырабляць на заводзе пачалі корпусна-механічныя часткі для РСЗА «Град» з планамі на 240 тысяч камплектаў штогод.
У выпуску прыводзіцца інфармацыя, на што здольны хаця б адзін камплект. Менавіта «Градамі» ўва многім знішчаецца інфраструктура Украіны, людзі гінуць цэлымі сем’ямі.
Пры гэтым звыш 8 тысяч карпусоў прыхналі бракаванымі і непрыдатнымі да выкарыстання. Адсотак браку дасягнуў нечуваных 70%! А вінаватым стала, імаверна, кітайскія кампаніі, якія паставілі няякасную прадукцыю. Менавіта праз Кітай Беларусь абыходзіць санкцыі, купляючы станкі і прыстасаванні.
Пасля ўключэння «Лягмашу» ў Дзяржаўны вайскова-прамысловы комплекс дырэктарам аршанскага прадпрыемства прызначылі Вячаслава Расалая.
Вывучаючы дакументы, расследнікі натрапілі на інфармацыю пра пабудову 30 кватэраў у Воршы для работнікаў прадпрыемства і 104 кватэр арэндных кватэр для сілавікоў.
Разбіраючы план прадукцыі на 2024 год, расследнікі высветлілі, што гэтай зброяй можна «накрыць» агнём 13 такіх гарадоў як Ворша і забіць там сотні, а можа і тысячы людзей.