У 2020 годзе каб аддаць свой подпіс за апазіцыйных кандыдатаў выстройваліся велізарныя чэргі. І ўлады паспрабавалі зрабіць нешта падобнае — у пары абласных цэнтраў, напрыклад у Гродна, сабралі бюджэтнікаў на збор подпісаў за Лукашэнку, каб таксама зрабіць бачнасць вялікай падтрымкі. Атрымалася так сабе: людзі не хацелі размаўляць з журналістамі, а калі гаварылі, то ў першую чаргу называлі сваё месца працы.
Калі пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў, улада паспрабавала зрабіць свой масавы мітынг у Мінску. З усёй краіны 16 жніўня людзей спрабавалі павесці аўтобусамі, але з Оршы аўтобусы выехалі з закрытымі фіранкамі, каб не было бачна, што паехалі яны амаль пустыя. У выніку на кадрах знятых з вышыні бачна, што на мітынг «пераможцаў» сабралося не больш за 5.000 чалавек з усёй краіны.
А 21 жніўня ўлады паспрабавалі правесці мітынгі ў сваю падтрымку па рэгіёнах. Калі ўлічыць, што мітынг — гэта публічнае выказванне меркавання, то ў Оршы ён прайшоў дзіўна. Плошча перад Езуіцкім калегіюмам была перагароджана грузавікамі так шчыльна, што не было бачна ўдзельнікаў «публічнага мерапрыемства». Каб зразумець колькі ж людзей сабралося падтрымаць Лукашэнку, трэба было быць на самой плошчы. Праўладныя СМІ апублікавалі свае фота-справаздачы з таго мерапрыемства, але на фота былі бачныя або парасоны пад якімі хаваліся ўдзельнік — ішоў дождж, або сцягі на фоне неба, або буйныя планы. То бок агульнага плану на якім была б бачная колькасць удзельнікаў не было. У сацыяльных сетках мы таксама не змаглі знайсці фота з колькасцю ўдзельнікаў — фота і відэа было вельмі мала і там былі тыя ж буйныя кадры.
Дапамагло раскрыць пытанне, пра якое мы ўжо паспелі забыцца, нечаканае затрыманне прыхільніка Лукашэнкі Дзмітрыя Баляшова. У яго ў сац.сетках ёсць ролік на якім паказана пару фотаздымкаў з таго самага мітынгу 21 жніўня 2020 года. Прычым не буйным планам. Блогер адыйшоў у бок ад мітынгу, каб сфатаграфавацца на яго фоне і такім чынам засняў агульную колькасцю удзельнікаў.
На самім фотаздымку мы пабачылі 36 чалавек (улічваючы выступаючага і фатографа, які зняў Баляшова). Дапускаем, што на фотаздымку мы пабачылі не ўсіх. Таму можна памножыць колькасць мітынгуючых у два разы (можна памнажаць і на тры, але наўрад ці больш). І такім чынам мы можам зразумець, што на праўладны мітынг, схаваны за грузавікамі сабралося ад 70 да 100 чалавек. Дзіўная колькасць для падтрымкі таго за каго, па афіцыйнай версіі, галасавала каля 80% насельніцтва.