У гэтым годзе ўсё ў нашай краіне незвычайнае. Традыцыйныя восеньскія Дзяды пад час якіх узгадваюцца ахвяры палітычных рэпрэсій, у 2020 годзе ў Оршы таксама прайшлі не звычайна.
Па-першае, з-за незвычайнай грамадскай актыўнасці гэтага году ўшанаванне забітых доўжылася тры дні замест традыцыйнага аднаго. У пятніцу на Кабыляках прайшла свая "Ноч расстралянай паэзіі". Сябры клуба "Чысты свет" сабраліся тут і прачыталі вершы расстраляных у часы сталінізму беларускіх паэтаў. Праўда, у адрозненні ад мінскай "ночы" на Кабыляках вершы чыталі днём. У суботу ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" правялі талаку па прыборцы помніка. А ў нядзелю а 12-00 тут прайшоў традыцыйны мітынг-рэквіем з ускладаннем кветак, кароткімі выступамі і знічамі.
Другое адрозненне мерапрыемства гэтага года звязана з рэпрэсіямі гэтага года. У сувязі з незвычайнай агрэсіўнасцю сілавых органаў, масавых запрашэнняў на Дзяды не было. Людзі самаарганізоўваліся. Прапануем вашай увазе некалькі фотаздымкаў з нядзельнага ўскладання кветак у якім прынялі ўдзел каля 30 чалавек.