Пра праблемы мастака са здароўем напісаў у сваім фэйсбуку Алесь Вячорка.
«Даведаўся, што наш Мікола Купава ў цяжкім стане. Кавід (хутчэй за ўсё) у ягоным узросце, вельмі небяспечны. Дай Божа яму моцы вытрымаць і адужаць!!! Сябры, дапамагайма спадару Мікалаю малітвамі!» — напісаў ён.
Мікола Купава — вядомы беларускі графік, аўтар партрэтаў вядомых беларускіх дзеячаў і пісьменнікаў, карцін на гістарычную тэматыку. У 1991 годзе ён распрацоўваў эталон Дзяржаўнага герба Беларусі — «Пагоні». Родам Мікола Купава з Оршы і, нягледзячы на тое, што шмат гадоў таму ён пераехаў жыць у Менск, ён не забывае малую радзіму і ўдзельнічае ў яе грамадскім жыцці. У прыватнасці, адной са спраў Купавы стала змаганне за аднаўленне захаванага будынка Базылянскага манастыра на беразе Аршыцы.