Вядомы беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч атрымаў ліст з таварыства ўласнікаў дома па вуліцы Радужнай, 9 у Менску, дзе знаны спартовец жыве цяпер. Яму загадана зняць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг з балкона, які сам лыжнік павесіў. Ліст з подпісам старшыні праўлення Аляксандра Палякова, які з'яўляецца цесцем міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея.
«Вось атрымаў ліст. Ляжу ў цёплым ложку, з дачкой самай малодшай і думаю, што адказаць гэтаму таварышу. Гарыць свечка на падваконні ў памяць пра Рамана {Бандарэнку}. Хіжынковай яшчэ 15 сутак дадалі. А тут — "здыміце, паважаны..." Гісторыя яна такая — правядзі рэферэндум пра сімволіку цяпер, упэўнены, вярнуўся б сцяг бел-чырвона-белы зноў. І гэта нармальна. Не хачу хаосу. Хачу павагі да выбару народа. Не хачу гвалту. Хачу дыялогу. Сцяг не здыму. Заплачу штраф (калі трэба)» — напісаў Далідовіч.
Нагадаем, у Беларусі з лета дзейнічае Фонд салідарнасці спартоўцаў, у які ўваходзяць такія славутыя атлеты як Алена Леўчанка, Ягор Мешчаракоў, Васіль Хамутоўскі, Надзея Астапчук, Андрэй Краўчанка і іншыя. А вось ліст "за мір", які ў Фондзе называюць "пралукашэнкаўскім" падпісалі ўсяго некалькі спартоўцаў, прычым тых, хто ўжо скончыў кар'еру.