Роберт Штэелі — муж Наталлі Хершэ, аршанкі, якая ўжо шмат гадоў жыве ў Швейцарыі і з'яўляецца яе грамадзянкай. Наталлі прысудзілі два з паловай гады калоніі строгага рэжыму і абавязалі заплаціць 1000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды "пацярпеламу" 22-гадоваму супрацоўніку АМАПу Сяргею Кончыку.
З Робертам паразмаўлялі журналісты "Радыё Свабода". У інтэрв'ю швейцарац распавёў, што пазнаёміўся з беларускай у інтэрнэце, на той момант яна ўжо 10 гадоў жыла ў Швейцарыі, яе першы муж памёр. Цалкам валодаць сітуацыяй у Беларусі яму дапамагаюць іншыя людзі, у прыватнасці, родны брат Наталлі, паколькі Роберт не валодае ні беларускай, ні расейскай мовамі. Ехала Наталля ў Беларусь з энтузіязмам, і ў Роберта не было шанцаў яе спыніць. Відэа са збіццямі мірных пратэстоўцаў Роберт Штэелі стараецца не глядзець, каб яшчэ больш не траўмаваць сваю псіхіку.
На абскарджванне прысуду швейцарац не надта спадзяецца, паколькі ўсведамляе, які палітычны рэжым усталяваны ў Беларусі. Пры гэтым Роберт спадзяецца, што да канца тэрміну Хершэ не дасядзіць, і сістэма Лукашэнкі абрынецца. Таксама ён ускладае надзеі на ўлады роднай Швейцарыі, што яны будуць прадпрымаць рэальныя крокі супраць дыктатуры ў Беларусі, не абмяжуюцца дэкларатыўнымі выказваннямі.