Галоўнымі тэмамі чэрвеня 2020 году сталі палітыка і каранавірус. У палітычных тэмах, якія звычайна не карыстаюцца на Orsha.eu вялікай увагай, у чэрвені была зафіксаваная, напэўна, найвялікшая ўспышка цікаўнасці чытачоў. Невялічкі матэрыял "Вялікі фінальны пікет" сабраў амаль 30 тысяч праглядаў! Артыкул пра прыезд Юрася Губарэвіча ў Александрыю таксама меў вялікі попыт. Нават дождж не замінаў аршанцам выходзіць і паказаць свой пратэст супраць дыктатуры Лукашэнкі. А вось пікет за Лукашэнку прайшоў з поўным правалам - хвілін 15 чатыры жанчыны з праўладнага прафсаюзу прастаялі ў поўнай самоце, калі не лічыць людзей, якія стаялі за пікетам у цяні ялінкі — чалавекі тры на чале з Віктарам Калачовым, намеснікам старшыні выканкаму, які, імаверна, "кантраляваў" пікет.
У Оршы зарэгістравалі новую ўспышку Covid-19, у горад тэрмінова накіравалі скандальнага тады яшчэ міністра аховы здароўя Караніка. А неўзабаве ўвялі масачны рэжым у рэгіёне.
Вялікую ўвагу прыцягнуў і артыкул нашых журналістаў пра кавярні, якія адкрыліся на былым піўзаводзе. А таксама новае пакрыццё, па якой пачаліся работы на дарозе Орша-Барань.