Юрый Нагорны адна з найбольш заўважных асобаў нашага рэгіёна, хаця сам ён родам не з Оршы, а з Наваградскага раёна. Тым не меньш, уявіць Барань ды і Оршу без яго было б цяжка. Разам з жонкай Тамарай ён прыехаў у Барань па размеркаванні пасля сканчэння ўніверсітэта і паспеў панастаўнічаць ва ўсіх школах гэтага гарадка. А ў некаторыя нават падырэктарстваваць. Нагорны як чыноўнік увогуле асобная тэма. Ён быў і дырэктарам школаў і ў перыяд адноснай дэмакратыі пачатку 90-х мэрам Барані. А там дзе ён працаваў дырэктарам - тым школам шанцавала асабліва. Школа якая сёння стала гімназіяй пры Нагорным была самай фінансава забяспечанай у раёне, дзякуючы кемлівасці і сувязям дырэктара. І ў будучай гімназіі і ў 15-ай школе разам з жонкай Тамарай ён стварыў два музеі.
Некалькі год таму Тамара Нагорная памерла ў выніку няшчаснага здарэння. Юрый Аляксандравіч моцна перажываў смерць жонкі і знайшоў для сябе выйсці - актыўна далучыўся да грамадскай дзейнасці. Ён і раней узначальваў Аршанскую арганізацыю Таварыства беларускай мовы, але цяпер узяўся за грамадскую работу актыўна. Дзесяткі беларускамоўных папулярызатарскіх мерапрыемстваў у год арганізоўваліся Юрыем Аляксанравічам у гэтыя часы. Ён абнавіў помнік Аршанскаму паўстанскаму атраду ў вёсцы Пагосцішча і стаў ініцыятарам правядзення тут штогадовага фестывалю.
А самым вялікім для самога Нагорнага дасягненнем апошніх гадоў стала стварэнне апошняга музея - музея сям'і Нагорных, які Юрый аляксандравіч назваў у гонар жонкі - "Тамарына сяліба". Юрый Аляксандравіч планаваў, што пасля смерці адзін з ягоных сыноў Максім працягне справу музея. Але -нейкі злы рок - Максім і сам памёр у мінулым годзе не пражыўшы і паўгады пасля смерці бацькі.