Нагадаем, што на канцэрце пад Мінскам на мінулым тыдні было затрымана больш за 60 чалавек — музыкі і гледачы канцэрта, які праходзіў на базе адпачынку «Аганёк». На тым жа канцэрце былі затрыманыя двое ўраджэнцаў Аршаншчыны: Валерыя Суравіцкая больш вядомая як спявачка Lear і ейны прадусар ураджэнец Барані Ўладзіслаў Лепяшынскі. Аказалася, што Валерыя адзіная выканаўца, якая змагла паўнавартасна выступіць на тым канцэрце. Пасля яе на сцэну выйшаў гурт РСП (Разбітае сэрца пацана). Менавіта на іх выступе ў залю ўварваўся АМАП, які і спыніў канцэрт.
У панядзелак удзельнікаў таго канцэрта павезлі ў суд. Але суды прайшлі ў розных гарадах — Смалявіцкі суд з такой колькасцю справаў справіцца не мог. Таму правабаронцы змаглі адсачыць толькі частку судоў. На сёння вядома, што Валерыі Суравіцкай далі 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (так міліцыянты расцанілі звычайны канцэрт), хаця большасці дзяўчын давалі толькі штрафы. Пра лёс Уладзіслава Лепяшынскага пакуль нічога не вядома.